Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белорусской деловой газете” — 15 гадоў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Споўнілася пятнаццаць гадоў з выхаду першага нумару “Белорусской деловой газеты”. Апошні год газэта выходзіць толькі ў электронным выглядзе, але не губляе надзеі вярнуцца да чытача на паперы. Выдавец Пётар Марцаў рыхтуе сьвяточны нумар “Белорусской деловой газеты”, які плянуе надрукаваць ужо ў лютым. Нумар складуць ранейшыя матэрыялы газэты, прысьвечаныя найбольш яркім падзеям пятнаццаці мінулых гадоў. Пётар Марцаў спадзяецца, што ўдасца даслаць нумар усім былым падпісчыкам газэты, чые адрасы захаваліся ў базе зьвестак “БДГ”.

“Гэта быў год адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці, у краіне пачаліся перамены, зьявілася магчымасьць праявіць ініцыятыву”, — гэтак згадвае 1992 год Пётар Марцаў, колішні супрацоўнік дзяржаўнага агенцтва навінаў БелТА. Пятнаццаць гадоў таму разам з Аляксандрам Вальвачовым спадар Марцаў заснаваў газэту “Биржи и банки. Белорусская деловая газета”.

За кароткі час “БДГ” зрабілася адным з самых уплывовых незалежных выданьняў Беларусі: наклад газэты ў 1997 годзе дасягнуў піку — 22 тысячы асобнікаў. Тэмы нумароў былі самыя гарачыя — палітычныя баталіі, карупцыя ва ўладзе, гандаль зброяй. Зразумела, што ўладзе гэта не падабалася. Тысячы даляраў штрафаў заплаціла газэта паводле судовых пазоваў. “БДГ” адмовілі ў распаўсюдзе праз падпіску, рэклямадаўцам рэкамэндавалі не зьмяшчаць рэкляму ў газэце, беларускія друкарні адмовіліся друкаваць “БДГ”.



Пётар Марцаў згадвае найбольш распаўсюджаны мэтад барацьбы зь незалежным друкам ў Беларусі:

Марцаў: “Апошнія тры гады існаваньня газэты — гэта цалкам “тэлефоннае права”. Хіба існуе забарона на продаж газэты ў прыватных крамах, дзе прадаюцца іншыя выданьні? Няма такой забароны, такога дакумэнту. Але калі мы спрабавалі заключыць дамову, то дырэктары шчыра казалі, што ім званілі з выканкамаў, з ідэалягічных структураў”.

Паводле былой рэдактаркі газэты Святланы Калінкінай, паводле падшыўкі газэты можна вывучаць пятнаццацігадовую гісторыю краіны. Сама журналістка найлепш памятае нумар, які выйшаў адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.



Калінкіна: “Газэта друкавала палітычныя партрэты ўсіх кандыдатаў, акрамя Аляксандра Лукашэнкі. Ягоны палітычны партрэт мы зьмясьцілі ў нумары адразу пасьля выбараў, ён называўся “Прэзыдэнт са скрыні” — і гэта выклікала шок. Улада не чакала, што яшчэ засталіся людзі, якія могуць зь ёй размаўляць вось так, звышпрынцыпова”.

Мінуў год, як выпуск “БДГ” прыпынены. Выдавец Пётар Марцаў кажа, што прыпыніў выхад газэты, паколькі яе не друкуюць у краіне, не дазваляюць прадаваць і распаўсюджваюць. Журналісты, якія стварылі славу “БДГ”, разышліся ў іншыя незалежныя мэдыі, працуюць ў інтэрнэт-выданьнях ці ўвогуле зьехалі за мяжу.

Былы рэдактар “БДГ” Павал Шарамет, цяпер вядомы журналіст расейскага тэлеканалу ОРТ, удзячны газэце за школу журналісцкай салідарнасьці.



Шарамет: “У газэце я навучыўся працаваць з зоркамі. Навучыўся разумець зорак, працаваць з самастойнымі людзьмі, і гэта “БДГ” навучыла мяне разуменьню таго, што ёсьць каманда. Каманда людзей, супрацоўнікаў, партызанаў”.

Пётар Марцаў рыхтуе сьвяточны нумар “Белорусской деловой газеты”, які плянуе надрукаваць ужо ў лютым. Нумар складуць ранейшыя матэрыялы газэты, прысьвечаныя найбольш яркім падзеям пятнаццаці мінулых гадоў. Пётар Марцаў спадзяецца, што ўдасца даслаць нумар усім былым падпісчыкам газэты, чые адрасы захаваліся ў базе зьвестак “БДГ”.

Дарэчы, некалькі гадоў таму ў адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі, які забараніў выкарыстоўваць у назвах выданьняў і арганізацыяў слова “беларускі”, газэту перайменавалі ў “БДГ. Деловую газету”.
XS
SM
MD
LG