Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Урноў: “Расейскае кіраўніцтва не пойдзе на саступкі А. Лукашэнку”


Радыё Свабода Ва ўчарашнім інтэрвію агенцтву Reuters Аляксандар Лукашэнка шмат крытыкаваў пазыцыю Расеі адносна Беларусі, але пры гэтым ён ня выключыў магчымасьці аднаўленьня ранейшых дачыненьняў з Масквою:

Лукашэнка: “Нам больш за ўсё крыўдна тое, што такія барбарскія дзеяньні прадпрыняла краіна-саюзьніца, самая блізкая нам краіна... Апошнія заявы прэзыдэнта Пуціна і іншых вышэйшы асоб Расеі сьведчаць аб тым, што яны хацелі б працягваць саюзьніцкія адносіны з нашай краінай. Мы да гэтага гатовыя. Але для гэтага патрэбныя канкрэтныя практычныя крокі. Са свайго боку мы гатовыя іх зрабіць неадкладна, і адмовіцца ад усялякіх фінансавых, эканамічных прэтэнзіяў да Расейскай Фэдэрацыі, калі Расея зробіць аналягічныя крокі са свайго боку”.

Маскоўскі палітоляг Марк Урноў, ацэньваючы гэтую заяву спадара Лукашэнкі, зазначыў, што ня бачыць істотных зьменаў у ягонай пазыцыі:

Урноў: “Устойлівая пазыцыя А. Лукашэнкі, якая не залежыць ад словаў, якія ён кажа публічна, -- гэта пазыцыя нежаданьня ісьці на рэальны саюз і губляць сваё бескантрольнае становішча ў Беларусі. Усё гэта спроба падоўжыць існаваньне гэтага рэжыму ў тым выглядзе, які існуе цяпер”.

Спадар Урноў прызнае, што цяпер Расея актыўна цісьне на Аляксандра Лукашэнку для таго, каб ён пайшоў на рэалізацыю саюзнай дамовы. Да гэтага Крэмль падштурхоўвае перадвыбарчая кампанія, якая цяпер разгортваецца ў Расеі, і праблема трэцяга тэрміну Пуціна. Але нягледзячы на гэта расейскае кіраўніцтва ня пойдзе нейкія на саступкі А. Лукашэнку:

Урноў: “Любое адступленьне ад лініі пагражае Расеі стратай твару, --вялізнай Расеі, якая ўвесь час заяўляе, што яна хоча стаць вялікай дзяржавай, вялікай энэргетычнай дзяржавай, і пры гэтым спатыкаецца на маленькую Беларусь,-- гэта ня ўпісваецца ў сцэнар фарміраваньня іміджу Расеі”.
XS
SM
MD
LG