Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дойдзе іранская нафта да Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад наведае Беларусь у новым годзе — паводле іранскага календара, ён надыходзіць 21 сакавіка. Пра гэта сёньня паведаміў амбасадар Ірану ў Беларусі Абдальхамід Фэкры.

Адной з самых галоўных тэмаў перамоваў паміж Беларусьсю і Іранам стане магчымасьць закупу Беларусьсю іранскай нафты. Амбасадар Фэкры цьвердзіць, што бакі бачаць магчымасьць супрацоўніцтва, бо Іран глядзіць на гэтую праблему праз прызму “вельмі добрых дачыненьняў зь Беларусьсю”:

Фэкры: “Мы прапанавалі Беларусі нафтавае поле ў Іране. Мяркуецца, што беларускі бок будзе самастойна праводзіць разьведку і здабычу нафты. Цяпер мы чакаем бізнэс-плян зь Беларусі. У вашай краіны былі тры варыянты выбару нафтавага поля — яна спынілася на Джуфэры. Тут дастатковы для вас аб’ём нафты”.

Былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір згадвае, што ўпершыню купляць іранскую нафту спрабавалі яшчэ ў 1995 годзе. Тады ўрадавая дэлегацыя на чале зь ім наведала Тэгеран. Іранцы, гаворыць экс-прэм’ер, прапануюць чорнае золата танна. Але ж транспартаваньне ў Беларусь робіць паліва надзвычай дарагім:

Чыгір: “Тэарэтычна такая магчымасьць ёсьць. Можна танкерам прывезьці нафту ў Вэнтспілс. А трубаправод, які ёсьць зь Беларусі ў Вэнтспілс, можа працаваць у рэвэрсным рэжыме. Яго можна пераключыць, і нафта пойдзе з танкеру на завод. Але ж гэта каштуе — каштуе добра. Таму ў той час мы хацелі зрабіць хаця б адну пракачку і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Лічылі-лічылі й вырашылі — а навошта траціць грошы? Бо разьлікі на паперы паказвалі, што іранская нафта будзе значна даражэйшай за расейскую. Таму і адмовіліся ад гэтага праекту”.

На пытаньне Радыё Свабода, наколькі рэальныя пастаўкі іранскай нафты ў Беларусь, іранскі амбасадар адказаў наступным чынам:

Фэкры: “Я хачу сказаць, што мы прапанавалі беларускаму боку нафтавае поле для разьведкі ды распрацоўкі. І я думаю, што Беларусь мае нейкую сваю праграму транспартаваньня нафты. І вашы спэцыялісты самастойна разьбяруцца, як гэта лепш зрабіць”.

Журналісты пацікавіліся ў амбасадара, ці могуць іранскія спэцыялісты ўдзельнічаць у пабудове атамнай станцыі ў Беларусі? Спадар Фэкры лічыць, што беларускія навукоўцы і будаўнікі могуць самастойна справіцца з гэтай задачай. “Але, калі гэта спатрэбіцца, мы гатовыя разгледзець самыя разнастайныя варыянты дапамогі”, — падкрэсьліў амбасадар Фэкры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG