Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Цэлястын Цэханоўскі (1835 — 10.1.1906)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Яны былі розныя — векам, прафэсіямі, характарамі. Іх збліжала адно — непрыняцьце расейскай улады, якая вырвала радзіму з эўрапейскай цывілізацыі. У 1863 годзе яны, ведаючы, на што ідуць, абнялі мацярок, сясьцёр і каханых і ўзялі ў рукі зброю. Тое паўстаньне застанецца адным зь нешматлікіх у гісторыі ХІХ стагодзьдзя прыкладаў, калі, па сутнасьці, купка ўзброеных людзей, баронячы сваю чалавечую і нацыянальную годнасьць, выступіла супроць велізарнай імпэрыі. Тры эўрапейскія народы — беларусы, палякі й літоўцы — коштам жыцьцяў сваіх найлепшых сыноў выказалі пратэст расейскаму фэадалізму, абсалютызму і дэспатызму, засьведчыўшы прыхільнасьць да канстытуцыйнасьці і дэмакратыі.

Выпускнік Маскоўскага ўнівэрсытэту Цэлястын Цэханоўскі працаваў лекарам у Горадні, меў добрую рэпутацыю і багатую практыку, сачыў за навінамі ў мэдыцынскай навуцы. Але ў ягоных доктарскіх саквах часам ляжалі ня толькі лекі й інструмэнты. Ад 1861 году Цэлястын уваходзіў у Гарадзенскую рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю, створаную Кастусём Каліноўскім і Валерам Урублеўскім дзеля падрыхтоўкі паўстаньня.

Калі яно пачалося, Цэханоўскага прызначылі паўстанскім грамадзянскім начальнікам Горадні. У яго кампэтэнцыі была вярбоўка людзей у аддзелы інсургентаў, забесьпячэньне іх зброяй і рыштункам, пашырэньне газэтаў і праклямацыяў.

У ліпені 1863-га Цэлястына схапіла паліцыя. Заслугі доктара перад паўстаньнем царскі суд ацаніў сьмяротным пакараньнем, якое па хадайніцтве сваякоў замянілі 20 гадамі катаргі. Ён будаваў Кругабайкальскі паштовы тракт, потым быў штатным лекарам Аляксандраўскага заводу, маючы практыку яшчэ больш багатую, чым у Горадні,— сотні зьняволеных.

Пасьля адбыцьця пакараньня былы паўстанец застаўся ў Сібіры і знайшоў апошні зямны прыстанак у Іркуцку. Цяпер там дзейнічае адно з самых вялікіх і вядомых у Расеі беларускіх культурных таварыстваў, якое мае імя іншага змагара 1863 году і нашага суайчыньніка Яна Чэрскага. Але слава гэтага сусьветна знанага геоляга і географа не павінна захінуць памяці доктара Цэлястына Цэханоўскага, паўстанцкага галавы вольналюбівай Горадні.
XS
SM
MD
LG