Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Расея будзе адсечана ад эўрапейскага рынку”


Алесь Дашчынскі, Менск Расейскія нафтавыя кампаніі вывучаюць сытуацыю ў сувязі з падвышэньнем Беларусьсю цэнаў на транзыт расейскай нафты. Тым часам Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву “Reuters” пракамэнтаваў пляны Расеі будаваць нафтавы трубаправод у абыход Беларусі.

Расейскія нафтавыя кампаніі, якія пастаўляюць нафту празь Беларусь, вывучаюць сытуацыю ў сувязі з падвышэньнем афіцыйным Менскам тарыфаў на транзыт. Паводле пастановы Міністэрства эканомікі, новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць ад 15 лютага. Афіцыйны прадстаўнік кампаніі “Лукойл” Дзьмітрый Далгоў заявіў:

Далгоў: “Цяпер нашыя спэцыялісты вывучаюць заяву беларускага боку аб падвышэньні тарыфаў на перапампоўваньне. На гэта патрэбен час. Да 15 лютага ёсьць яшчэ тэрмін. Думаю, што да гэтага моманту мы прымем тое ці іншае рашэньне, пра якое, магчыма, паведамім дадаткова”.

Прыкладна тое ж сказаў і прадстаўнік кампаніі “Роснефть” Мікалай Манвелаў:

Манвелаў: “На гэты момант мы аналізуем сытуацыю. Меры ў адказ – гэта справа дзяржавы. Магу сказаць, што з боку кампаніі мы аналізуем сытуацыю”.

Прадстаўнік прадпрыемства “Гомельтранснафта “Дружба”, які папрасіў не называць ягонага імя, патлумачыў, што кампаніі “Транснефть” ужо накіраваны дадатковыя пагадненьні да дамовы. Гэтая кампанія павінна давесьці новыя тарыфы да нафтавых кампаніяў, якія і будуць іх плаціць.

Паводле прадстаўніка “Гомельтранснафта “Дружба”, цягам дзесяці гадоў гэтыя тарыфы не мяняліся. Але падвышэньне тарыфаў на электраэнэргію вымусіла пайсьці на такі крок. У выніку беларускі тарыф стане прыкладна роўны ўнутрырасейскаму. Але будзе прыкладна на 30 працэнтаў ніжэйшы, чым у Польшчы і ва Ўкраіне.

Адносна намераў кампаніі “Транснефть” будаваць трубаправод у абыход Беларусі прадстаўнік “Гомельтранснафта “Дружба” сказаў: “Расейскі бок не хавае, што той трубаправод ёсьць альтэрнатывай “Дружбе”. У прынцыпе новы трубаправод дапаможа мінімізаваць транзытную рызыку”.

Адносна будаўніцтва экспартнага трубаправоду ў абыход Беларусі выказаўся і Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву “Reuters”. Ён назваў падводны нафтаправод абсурднай справай.

Лукашэнка: “Гэты шлях у два разы Расеі будзе даражэйшы. Трэба мець на ўвазе пазыцыю эўрапейцаў і асабліва швэдаў і нарвэжцаў, датчан. Адносна таго, што перагружаная Балтыка такім чынам яшчэ навадняецца нафтай. Урэшце гэта іх справа і права. Мы перад сабой паставілі задачу, якую мы вырашым абавязкова – дывэрсыфікацыя паставак вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь”.

У выніку, паводле кіраўніка Беларусі, Расея будзе адсечана ад заходнеэўрапейскага рынку. Але калі Расея адмовіцца ад фінансавых, эканамічных прэтэнзіяў да Беларусі, то і Беларусь зробіць аналягічны крок.
XS
SM
MD
LG