Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы будуць бяз булак з макам?


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі назіраецца рост ахвяраў наркаманіі. Летась ад ужываньня наркотыкаў памерла каля 70 чалавек. Гэта амаль удвая больш, чым залетась. Сярод асноўных наркатычных сродкаў, якія ўжываюць беларусы, – мэтадон, амфэтамін, марыхуана й макавая саломка. Што да маку, то праблемай яго распаўсюджваньня ў Беларусі цяпер займаецца адмысловая ўрадавая камісія.

Камісія створаная з ініцыятывы Міністэрства ўнутраных справаў. Там лічаць, што мак прычыніўся да росту колькасьці наркаманаў. Гаворыць начальнік упраўленьня наркакантролю міліцэйскага ведамства Алег Пякарскі:

Пякарскі: “Макавыя зярняты прадаюцца мяшкамі. У аднаго з жыхароў Менску канфіскавана тона макавых зярнят. Я ня думаю, што ён скарыстоўваў гэтую тону ў булачках. З гэтага рабіліся наркотыкі – з 1 кіляграма 5-6 дозаў. Калі цана кілі макавых зярнят раней была прыблізна каля 2,5 даляра, то цяпер дасягнула 30 даляраў”.

Лёсам маку займаецца й Міністэрства аховы здароўя. Галоўны нарколяг краіны Ўладзімер Максімчук:

Максімчук: “Навучыліся неяк выпарваць – наркаманы заўжды ідуць наперадзе ўсёй навукі. Раней лічылася, што мак ня мае наркагенных якасьцяў. Яны бяруць колькасьцю. А паколькі зьявілася магчымасьць рабіць нешта з маку, то паставілі пытаньне: “А ці варта мак прадаваць?” А іншыя абурыліся: “А як жа бяз маку?”

Сярод тых, каго абурае ініцыятыва забароны распаўсюду маку, хлебапёкі. Паводле іх, тыя зярняты спрадвеку выкарыстоўваліся беларусамі для наданьня булкам непаўторнага водару і смаку. Тэхноляг Нясьвіскага камбінату хлебапрадуктаў Яніна Ціхонка:

Ціхонка: “Людзі патрабуюць булачныя вырабы з макам. У нас, напрыклад, добра ідзе ражок з макам. Там 25 кіляграмаў маку на 100 кіляграмаў мукі. І ў нашых новых распрацоўках ёсьць мак. Людзі любяць і купляюць з макам”.

Хлебапёкі набываюць мак за мяжою. У прыватнасьці, Нясьвіскі камбінат гандлюе з чэхамі. У Беларусі спрыяльныя ўмовы для гэтай культуры на поўдні – Гомельшчыне й Берасьцейшчыне. Аднак там свае праблемы. Аграном Маларыцкага райсельгасхарчу Галіна Чаранкевіч:

Чаранкевіч: “Мы не вырошчваем. Мы не займаліся ні разу гэтай культурай. Таму выгадна ці ня выгадна – я ня ведаю. Магчыма, ёй займаюцца асобныя гаспадаркі ў іншых раёнах”.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня паведамілі, што свайго маку Беларусь наагул не вырошчвае. Начальнік галоўнага ўпраўленьня расьлінаводзтва Рыгор Раманюк:

Раманюк: “З-за праблемы, што можна вырабляць наркотыкі. Шмат праблем з аховай і перамяшчэньнем яго. На прысядзібных участках нават забаронена вырошчваньне”.

Што думаюць спажыўцы пра новую міліцэйскую ініцыятыву змаганьня з макам? Студэнт Сяргей зь Менску:

Сяргей: “Булачак з макам ня будзе”.

У Беларусі пад наглядам Міністэрства аховы здароўя знаходзіцца больш як 10 тысяч асобаў, што ўжываюць наркатычныя рэчывы. Зь іх 356 – ва ўзросьце да 15 гадоў, 1018 – у веку ад 15 да 18 гадоў. Большасьць наркаманаў – моладзь у веку ад 18 да 25 гадоў. Найбольш папулярныя месцы спажываньня і распаўсюджваньня наркотыкаў – дыскатэкі і кампутарныя клюбы. Мэдыкі прапануюць стварыць у краіне нацыянальны цэнтар па праблемах наркаманіі.
XS
SM
MD
LG