Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Пінігін паставіў у Менску новы спэктакль


Валянціна Аксак, Менск Учора ўвечары ў менскім Тэатры юнага гледача адбылася прэм’ера. Рэжысэр Мікалай Пінігін паставіў спэктакль па п’есе расейскага драматурга Пятра Гладзіліна “Матылёк”. На прэм’еры пабывала нашая карэспандэнтка.

Бліскучая ігра актораў Анатоля Жука і Ганны Хітрык, запрошанай на галоўную ролю ў ТЮГ з Купалаўскага тэатру, цудоўная сцэнаграфія і мастацкае афармленьне спэктаклю, бездакорная рэжысура – такія ўражаньні пакідае спэктакль.

Гэтая п’еса пра сучаснае расейскае войска, але дзеяньне можа адбывацца і ў любым іншым войску ці наагул у таталітарным грамадзтве.

З маладога салдата Лябёдушкіна зьдзекуюцца старэйшыя вайскоўцы , а ён – асоба творчая і летуценная, нядаўні студэнт тэатральнае вучэльні і сам піша п’есы – ня можа з гэтым зьмірыцца. Але і ня здатны абараніцца ад бязглуздага жыцьця і жорсткіх казармавых парадкаў. Не знаходзячы іншых спосабаў захаваць свой унутраны сьвет, салдат пераўвасабляецца ў дзяўчыну. Прычым у літаральным фізычным сэнсе. Гэты цуд прыроды сутыкаецца зь яшчэ большай жорсткасьцю і ўрэшце прыводзіць да трагедыі. Салдат гіне. Такі вось крыху абсурдысцкі зьмест п’есы.

Выглядае, гэтая п’еса прывабіла Мікалая Пінігіна тэмаю, якую ён бліскуча ўвасобіў у сваёй прэм’еры мінулага сэзону, паставіўшы на сцэне Купалаўскага тэатру “Сымона-музыку” па Якубу Коласу, – тэмаю канфлікту мастака і навакольнага грамадзтва.

У п’есе можна знайсьці алюзіі на цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі. Да прыкладу, бунтоўнага салдата на перавыхаваньне пагражаюць адправіць на сьвінафэрму: маўляў, пачынаць парадкі наводзіць трэба з агракомплексу.

Напярэдадні прэм’еры хадзілі чуткі, што на сцэне беларускага тэатру спэктакль “Матылёк” будзе ісьці па-расейску. Сапраўды, “Матылёк” пастаўлены ў Тэатры юнага гледача на мове арыгіналу п’есы. Загадчыца літаратурнай часткі тэатру Жана Лашкевіч патлумачыла гэта тым, што рэжысэра не задаволіў узровень перакладу на беларускую мову. Спытацца пра гэта ў самога Мікалая Пінігіна не было мажлівасьці – ён на прэм’еры не прысутнічаў.
XS
SM
MD
LG