Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталічныя дворнікі: хто яны?


Іна Студзінская, Менск Менск заўсёды быў вельмі чыстым горадам. Магчыма, самі менчукі да гэтага прызвычаіліся і ня вельмі заўважаюць, але замежнікі, госьці сталіцы адзначаюць менавіта чысьціню Менску. Колькі ў сталіцы Беларусі дворнікаў, хто ў асноўным забясьпечвае чысьціню гораду, высьвятляла нашая карэспандэнтка.

Ва ўпраўленьні жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму на сёньняшні дзень працуе 6636 дворнікаў. Супрацоўніца аддзелу працы і зарплаты прызнаецца:

Супрацоўніца: “Цякучка вялікая, людзі звальняюцца. У асноўным трымаюцца толькі пажылыя людзі і тыя, у каго службовае жытло. Моладзь не затрымліваецца, звальняецца”.

Службовае жытло маюць лічаныя адзінкі: цяпер яго дворнікам не даюць. Таму працуюць дворнікамі ў асноўным жанчыны пэнсійнага ўзросту. Мая суразмоўца – 57-гадовая Ганна – 30 гадоў адпрацавала на трыкатажнай фабрыцы, яе скарацілі перад самым выхадам на пэнсію. Уладкавалася дворнікам. Працоўны дзень сталічнага дворніка пачынаецца...

Ганна: “Як звычайна, а палове сёмай раніцы. Калі сьнег, прыходзім і а палове пятай”.

Карэспандэнтка: “Зімой шмат працы?”

Ганна: “Надзвычай шмат, асабліва калі сьнег. Вельмі стамляемся”.

Карэспандэнтка: “А сродкі мэханізацыі якія-небудзь ёсьць?”

Ганна: “Калі вельмі шмат сьнегу, бывае машына. А так у асноўным рукамі працуем”.

Карэспандэнтка: “Ад каго ў вас больш за ўсё праблем: ад дзяцей, сабак, дарослых?”

Ганна: “Ад дзяцей. І семкі, і бутэлькі – усё на зямлі валяецца. І трэба ўсё прыбіраць. На дварэ хапае бруду. А ў пад''ездах – у асноўным семкі. Калі вялікі мароз, так сьмецьця навалам”.

Карэспандэнтка: “Раней дворнікам давалі кватэры службовыя. А цяпер нейкія льготы, заахвочваньні ёсьць?”

Ганна: “Не, не!”

Карэспандэнтка: “А заробкі якія?”

Ганна: “Няшмат. Бывае 300 тысяч, 330 – як закрыюць нарады”.

Мужчынаў сярод сталічных дворнікаў значна менш, чым жанчын. І ў асноўным гэта людзі вельмі сталага ўзросту. Гутару зь дзядком, участак якога ну проста ўзорна-паказальны: ходнікі расчышчаныя, пасыпаныя пясочкам.

Карэспандэнтка: “Браніслаў Вацлавіч, колькі вам гадоў?”

Дворнік: “81 год”.

Карэспандэнтка: “81 год, і дагэтуль працуеце? Пэнсіі не хапае ці проста прывыклі працаваць?”

Дворнік: “Не, проста прывыкшы працаваць”.

Карэспандэнтка: “А ня цяжка? Я гляджу, намяло такія гурбы...”

Дворнік: “Летам яшчэ туды-сюды, а як сьнягі, дык цяжка. Усякая работа цяжкая”.

Карэспандэнтка: “Тут такое прымітыўнае прыстасаваньне ў вас – тазік на вяроўцы. А што, ніякіх машын няма, ніякіх больш сучасных прыстасаваньняў?”

Дворнік: “Як ёсьць. А што зробіш – гэта наша праца”.

Карэспандэнтка: “Скрабок, лапата, мятла. Але моладзь не ідзе ў дворнікі працаваць?”

Дворнік: “Так, не ідзе”.

Чаму моладзь не ідзе ў дворнікі, дзе так шмат вакансіяў, тлумачыць 57-гадовая дворнічыха Ганна.

Ганна: “Моладзь ходзіць, кажа: “О, мяце прыбіральніца!” Сюды моладзь ніколі ня пойдзе, бо будуць абзываць яе. Нават мая дачка і тое, саромеецца дапамагчы, кажа, што ёй сорамна. Ніколі ня будзе моладзь прыбіраць!”
XS
SM
MD
LG