Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: у Менску падаражэлі імпартныя тавары


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 7 лютага.

Сёньня “Комсомольская правда в Белоруссии” друкуе вытрымкі з рашэньня Менгарсавету аб павелічэньні мясцовага падатку на імпартныя тавары, а таксама паслугі дыскатэк, мастацкіх і мэдыцынскіх салёнаў. Падвышэньне складае ў сярэднім 15 працэнтаў ад кошту тавараў і паслугаў.

“Газета Слонімская” ў сьвежым нумары высьвятляе прычыны вячэрняй цемры ў мікрараёне “Дружба”. Паведамляе журналіст Мікалай Канановіч:

Канановіч: “Калісьці гэты мікрараён пабудавалі для савецкай групы войскаў у Нямеччыне. Там было каля 300 вулічных ліхтароў. Такая прыгажосьць была! Цяпер пасьля 17 гадзінаў ня сьвеціць ніводны ліхтар. Людзі ідуць з працы, дзеці вяртаюцца са школы ў цемры. А цяпер яшчэ сьнег ідзе і вельмі сьлізка”.

Са словаў Мікалая Канановіча, вырашыць праблему чыноўнікі абяцалі напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы, але забываюць пра дадзенае слова і да сёньня.

Энэргетычны канфлікт Беларусі зь Расеяй абвастрае таксама эканамічную і сацыяльную сытуацыю ў калектыве Бярозаўскай ДРЭС, піша сёньня незалежная газэта “Альтанка”. Слова – карэспандэнту выданьня Ігару Трацяку:

Трацяк: “Заўважана, што на станцыю часьцей падвозяць мазуту. Можа, дзесьці ёсьць рэзэрвы, бо ДРЭС працуе на газе гадоў пяць, пэўна. Па словах працаўнікоў, цяпер скарачаюцца прэміяльныя, пэўныя выплаты – усё гэта скарачаецца”.

Слуцкая газэта “Інфа-кур’ер” даведалася, што мясцовая прафілякторыя для лекаваньня хворых на алькагалізм перастае быць стратнай для бюджэту. Зрухі да павелічэньня так званай працатэрапіі тлумачыць супрацоўнік газэты Алесь Дастанка:

Дастанка: “Там наладзілі больш-менш сваю вытворчасьць. Гэта дрэваапрацоўка. І яны таксама шмат дапамагаюць суседнім сельгаскаапэратывам. Там утрымліваецца каля 300 чалавек, і амаль 100 зь іх штодзень выяжджаюць зарабляць грошы”.

Са словаў Алеся Дастанкі, прыкладна 70 працэнтаў асуджаных да лекаваньня маюць непаўналетніх дзяцей і мусяць сплачваць дзяржаве выдаткі на іх ўтрыманьне ў сіроцкіх установах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG