Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тараканы Зьмітра Вішнёва


Іна Студзінская, Менск Сёньня адразу ў дзьвюх мастацкіх галерэях у Менску -- "Падземка" і "Добрыя мысьлі" -- адкрыліся выставы жывапісу вядомага паэта, выдаўца і пэрфомэра Зьмітра Вішнёва. Выстава ў галерэі “Падземка” называецца “Заапарк”, а экспазыцыя ў фальварку “Добрыя мысьлі” -- “Праход да вальераў”.

Назовы выставаў цалкам адпавядаюць зьместу, бо галоўныя пэрсанажы жывапісных твораў – жывёліны, насякомыя, паразыты. Дарэчы, Зьміцер Вішнёў вельмі сур''ёзна займаецца дасьледаваньнем менавіта тараканаў. Летась ён выдаў каталёг-каляндар "Таракан -- найлепшы сябар чалавека”. А сёньня адбылася прэзэнтацыя каталёгу-календара на 2008 год “Кожнаму таракану дайце талерку каханьня”. Тараканы -- галоўныя пэрсанажы амаль усіх выстаўленых твораў. Мастацтвазнаўца Зьміцер Шунейка сказаў:

Шунейка: "Тут мікробы няшкодныя. Нават і чыноўнікі такія шэранькія, сымпатычныя, надзьмутыя. Ёсьць зусім паэтычныя мікробы -- швэдзкае каханьне дэманструюць ці нейкія свае кулінарныя апэтыты... У цэлым Зьмітру ня трэба забываць, што ён -- дэструктыўны, што яму час ад часу трэба паказваць і вострыя зубкі, кіпцюры, а не толькі павейкі такія мяккія, мікробныя. Але гэта толькі частка Зьмітра. Ён бывае вельмі няўрымсьлівы як пэрформэр, ён яшчэ выдатны графік. Але ён у нас адзіны. І калі ён будзе такім пасьлядоўным у сваім "вішнёўстве", у 2008 годзе гэта будзе ўжо амаль што клясык незастылага мастацтва".

Ад пачатку 2007 году гэта ўжо трэцяя прэзэнтацыя публічных праектаў Вішнёва -- кніга "Вароны ў заапарку", альманах "Тэксты", і вось сёньня -- выставы жывапісу. Чым выкліканы такі творчы ўсплёск? Тлумачыць Зьміцер Вішнёў.

Вішнёў: "Летась у мяне было 7 замежных паездак, толькі ў Нямеччыне правёў 3 месяцы. Калі чалавек адсутнічае, тут ягоныя замежныя праекты не гучаць".

Карэспандэнтка: Зараз прыехалі дадому і вырашылі тут праявіцца, паказацца?"

Вішнёў: "Так, трэба і тут засьвяціцца. Трэба ж несьці мастацтва ў масы".

Карэспандэнтка: Але вы вельмі пастаянныя ў сваіх мікробіках, тараканчыках, паразыціках..."

Вішнёў: "Ня трэба так ужо ўтрыраваць. Гэта прыкол, сьцёб як элемэнт у творчасьці, а на самой справе тут нашмат усё глыбей. Гэта канцэптуальны жывапіс. Я лічу сябе пост-экспрэсіяністам, і тут я закладаю больш глыбокі сэнс, чым мікробікі-паразыты. Гэта для абывацеля, які хоча папрыкалвацца, а для чалавека, які штосьці разумее ў гісторыі мастацтва, гэта штосьці большае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG