Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ульяне Захаранцы споўнілася 83 гады


Альгерд Невяроўскі, Менск Маці былога міністра ўнутраных справаў, які зьнік амаль восем гадоў таму, сёньня наведалі менскія праваабаронцы. Апошнім часам Ульяна Захаранка вельмі кепска сябе адчувае, але заўсёды радая гасьцям. Яна таксама вельмі сумуе па сваіх родных і ўнучках, якія вось ужо больш за шэсьць гадоў жывуць у Нямеччыне.

Ульяна Захаранка апошнім часам хварэе і часта бывае ў лякарні:

Захаранка: “ Сэрца вельмі хворае. Дзе ж будзе тое здароўе калі я двух сыноў згубіла і засталася адна. Для мяне гэта такая траўма, я столькі сьлёз лью, што я ня ведаю куды душу падзець. Я супакоюся толькі калі памру. Іначай я не супакоюся”.

Цяпер за Ўльянай Захаранкай даглядае і дапамагае па гаспадарцы пляменьніца. Бо ўся сям’я Юрыя Захаранкі вось ужо больш за шэсьць гадоў жыве ў Нямеччыне.

Захаранка: “Я сумую. Яны казалі, што плацяць 30 эўра на месяц і тэлефануюць амаль кожны дзень. І Оля, гэта жонка Юры, і Леначка, і Юлька. Яны са мной бясконца перагаворваюцца. Я зь імі пагавару, а тады кладуся спаць ужо і здаровая. Гэта ж мае дзеці. Я так іх чакаю, каб яны вярнуліся ды жылі каля мяне”.

Сёньня мястэчка Васілевічы, што ў Рэчыцкім раёне на Гомельшчыне наведалі праваабаронцы Алег Воўчак, Тацяна Равяка, Раіса Міхайлоўская, а таксама маці зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага Вольга Рыгораўна. Прыехалі павіншаваць Ульяну Захаранку, перадаць падарункі і адсьвяткаваць разам яе 83-ці дзень яе народзінаў. Паводле Алега Воўчака, у праваабаронцаў ужо стала традыцыяй наведваць спадарыню Захаранку ў дзень нараджэньня. Вельмі істотным момантам ёсьць і дапамога сталай жанчыне. Гаворыць Алег Воўчак:

Волчак: “Сёньня я спытаў у Ўльяны Рыгораўны, усё ж такі Юры Захаранка быў міністрам унутраных справаў, ці была за восем гадоў хоць нейкая дапамога ад Міністэрства ўнутраных справаў? Апазыцыянэр ён быў, не апазыцыянэр, але прыйшло гора. І яна гаворыць, што ніводнага разу дапамогі не было. Вось і ўся ўвага ды клопат нашай дзяржавы аб тых людзях, якія спачатку служаць уладзе, а потым пра іх забываюць”.
XS
SM
MD
LG