Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Расея зацягнула вяроўку вакол шыі..."


Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву “Reuters” заявіў, што Беларусь будзе шукаць свой уласны шлях, адмаўляючы як эўрапейскія патрабаваньні палітычных рэформ, гэтак і жаданьне Масквы скарыць Менск.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ня можа быць нават размовы пра тое, каб Беларусь пагадзілася на “невыканальныя патрабаваньні” Эўразьвязу наконт свабоды СМІ, свабодных выбараў і вяршынства закону, якія летась былі вылучаныя Эўракамісіяй дзеля паляпшэньня адносін ЭЗ і Беларусі.

Спадар Лукашэнка пры гэтым зазначыў, што Беларусь застаецца адкрытай Захаду і блізкай Расеі. Аднак ён назваў цяперашнюю палітыку Расеі ў адносінах да Беларусі непасьлядоўнай і шавіністычнай.

Барбарская акцыя Расеі

Падвышэньне коштаў на нафту і газ спадар Лукашэнка назваў барбарскай акцыяй Расеі, якая будзе каштаваць Беларусі 5 мільярдаў даляраў, што складае да 10 адсоткаў ВУП.

Лукашэнка: “Вельмі балюча, што такія дзеяньні прадпрымае наш саюзьнік, дзяржава, якая зьяўляецца самай блізкай для нас. Расея павінна адмовіцца ад вялікадзяржаўніцкага падыходу і манеры глядзець на нас, як на малодшага брата”

Спадар Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе імкнуцца кампэнсаваць гэтыя страты, перавёўшы на рынкавыя кошты аплату Расеяй арэнды вайсковых аб’ектаў у Беларусі, транзыту тавараў і абарону межаў. Але спадар Лукашэнка настойвае, што Беларусь жадае добрых дачыненьняў з Расеяй, сваім галоўным гандлёвым партнэрам.

Лукашэнка:“Беларускае кіраўніцтва не зрабіла істотных зьменаў сваёй палітыцы. Беларусы і расейцы з’яўляюцца практычна адным народам. Гэта аснова нашай палітыкі. Але мы ня будзем цярпець ані ціск ані падман у нашых дачыненьнях з Расеяй”.

Паводле спадара Лукашэнкі, праекту стварэньня саюзу з Расеяй замінае “імпэрскае жаданьне Расеі праглынуць Беларусь”, а не ўсталяваць сувязі на базе сувэрэннай роўнасьці дзьвюх дзяржаў.

"Нас немагчыма зламаць"

Спадар Лукашэнка сказаў, што нават калі Расея цалкам спыніць пастаўкі сваёй нафты ў Беларусь, Менск зможа загрузіць свае НПЗ і сваю эканоміку, прыцягнуўшы замежных інвэстараў.

“Нас вельмі цяжка зламаць, нас фактычна немагчыма зламаць, і ніхто нас не паставіць на калені”,-- заявіў А. Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву Reuters.

Гаворачы пра ціск Эўразьвязу і ЗША на беларускае кіраўніцтва, якія ўвялі супраць яго і ягонага найбліжэйшага атачэньня візавыя абмежаваньні і пагражаюць замарожваньнем банкаўскіх рахункаў, А. Лукашэнка сказаў:

“Мы заўсёды хочам сядзець зь імі за адным сталом. Як можна замацаваць адносіны ў такой атмасфэры. Гэта падобна на палітыку, якая праводзіцца Расеяй, што зацягнула вяроўку вакол шыі і а затым кажа: давайце размаўляць”.

Агенцтва “Ройтэрз” нагадвае, што А. Лукашэнку абвінавачваюць у фальшаваньні выбараў, арыштах апазыцыі, закрыцьці незалежных газэт, і выказвае меркаваньне, што ёсьць мала шанцаў на тое, каб ён памяняў свой бескампрамісны стыль кіраваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG