Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праблема ўцечкі мазгоў у..Нямеччыне


Тацяна Поклад, Прага Урады краінаў Эўразьвязу заклапочаныя праблемай “уцечкі мазгоў”. Тым часам прадстаўнікі беларускага ўраду заяўляюць, што ў Беларусі праблемы “уцечкі мазгоў” не існуе.

Сёньняшняя амэрыканская New-York times зьмясьціла артыкул аб праблемах гэтак званай “уцечкі мазгоў” ў краінах Эўразьвязу. Прычым гаворка ідзе не пра Усходнюю Эўропу і не пра некваліфікаваных работнікаў. Адукаваная моладзь, інжынэры, мэдыкі, архітэктары і навукоўцы пакідаюць Нямеччыну дзеля лепшай кар’еры і вышэйшых заробкаў у ЗША, Канадзе, Швайцарыі альбо Вялікай Брытаніі.

Ён стаміўся ад высокіх падаткаў

Вось, да прыкладу, гісторыя Бэнэдыкта Тома з Заходняй Нямеччыны, інжынэра, які працаваў у сямейным бізнэсе. Ён стаміўся ад высокіх падаткаў, 80-гадзіннага працоўнага тыдню, праблемаў нямецкай эканомікі, -- якая, хаця і разьвіваецца, але далёка адстае ад эканамічнага ўзроўню ЗША. Малады інжынэр даслаў свае анкеты ў Канаду і ляціць на сустрэчу з працадаўцам. Калі ўсё будзе добра, да яго далучацца жонка і двое дзяцей – яны перакананыя, што ў Канадзе іх чакае лепшая будучыня і сумаваць будуць хіба па нямецкай тэлевізіі і аўтабанах.

“Уцечка мазгоў” робіцца ў Нямеччыне праблемай нумар адзін. Каля 150 тысяч немцаў пакінулі радзіму ў 2005 годзе, -- гэта на 40 тысяч больш, чым цягам ранейшых трох гадоў. Дэмографы папярэджваюць пра старэньне насельніцтва, і спэцыялісты кажуць, што ў краіне не хапае адукаваных кадраў, якія маглі б замяніць праз 15 гадоў тых, хто пойдзе на пэнсію.

Падобнай праблемай заклапочаная і Францыя, зь якой толькі ў суседнюю Вялікую Брытанію працаваць з’ехалі 300 тысяч чалавек.

Беларусь: Моладзі пакідае краіну

У тым часе, як урады краінаў Эўразьвязу распрацоўваюць пляны для таго, каб заахвоціць маладых спэцыялістаў не пакідаць радзіму, Беларусь заяўляе, што ў яе праблемы “уцечкі мазгоў” не існуе. Менавіта так цьвердзіць міністар адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў. У часе выступу на адной з нядаўніх канфэрэнцый студэнтаў і грамадзкіх арганізацыяў у Менску, міністар заявіў, што “беларускія спэцыялісты пачынаюць разумець, як цяжка дамагчыся посьпеху за мяжой, нават маючы выдатную адукацыю” і што “шмат увагі надаецца для падтрымкі маладых спэцыялістаў у Беларусі”.

Старшыня грамадзкага згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская кажа паводле ўласнага досьведу дачыненьняў з беларусамі з розных краінаў сьвету:

Макоўская: “У нас зараз наадварот праблема, што моладзь пакідае краіну. На жаль, не вядзецца такі адмысловы улік. І гэтыя людзі не заўсёды рэгіструюцца, -- тыя хто выяжджае з краіны альбо працуе тут, у Беларусі, на замовы замежных кампаніяў. Нямногія з тых, хто выяжджае, дэкляруе свой ад’езд. Я ведаю пра гэта, бо маю стасункі з беларусамі з розных краінаў. Ёсьць такое паняцьце, як працоўная міграцыя. Людзі не дэкляруюць, што едуць на працу ў тую ж Расею ці Гішпанію, бо гэта пытаньне заробкаў, падаткаў...Людзі баяцца, што будуць ціснуць на іх сям’ю. Былі ўжо такія прыклады”.
XS
SM
MD
LG