Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 сакавіка п’яны за рулём можа патрапіць у турму


Ігар Карней, Менск Дзяржаўная аўтамабільная інспэкцыя агучыла новыя нормы адміністрацыйнай адказнасьці, якія набудуць моц 1 сакавіка й закрануць парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Так, за паездкі ў п’яным выглядзе могуць ня толькі аштрафаваць і забраць пасьведчаньне кіроўцы, але й арыштаваць. Таксама больш жорсткія захады чакаюцца за перавышэньне хуткасьці й размовы па мабільным тэлефоне. Актыўней да адказнасьці пачнуць прыцягваць мінакоў, якія правакуюць аварыйныя сытуацыі.

Адзін з распрацоўнікаў новых нормаў супраць парушальнікаў дарожнага руху, што ад 1 сакавіка папоўняць Адміністрацыйны кодэкс, старшы інспэктар у асаблівых даручэньнях Дзяржаўтаінспэкцыі Аляксандар Занімон. Паводле маёра міліцыі Занімона, усяго адкарэктавана і ўведзена 25 пунктаў, якія ў той ці іншай ступені тычацца ўдзельнікаў дарожнага руху.

Занімон: “Мы пайшлі на ўвядзеньне больш жорсткай адказнасьці за тыя правапарушэньні, якія характарызуюцца найбольшай цяжкасьцю наступстваў, і што найбольш часта становяцца прычынай дарожна-транспартных здарэньняў”.

За 2006 год на дарогах загінулі 1722 чалавекі

Прадстаўнік Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі Ігар Вайніцкі мяркуе, што аварыйная статыстыка выклікае неабходнасьць узмацніць адказнасьць для парушальнікаў.

Вайніцкі: “За дванаццаць месяцаў 2006 году ў краіне зарэгістравана 8257 дарожна-транспартных здарэньняў. Загінулі 1722 чалавекі, 8805 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Адзіны станоўчы паказьнік, на які мы выйшлі ў 2006 годзе, гэта колькасьць ДТЗ з-за нецьвярозых кіроўцаў”.

П’яны за рулём можа патрапіць у турму

Паводле міліцэйскага чыноўніка, зьніжэньню п’янства за рулём паспрыялі якраз больш жорсткія захады, якія ўвялі летась. Ад 1 сакавіка паездка “пад шафэ” будзе цягнуць ня толькі пазбаўленьне правоў на тры гады, але і штраф у эквіваленце 450 даляраў. За паўторнае парушэньне справа на парушальніка будзе перадавацца ў суд, які вызначыць ступень адказнасьці. Паводле спадара Вайніцкага, рэцыдыў можа скончыцца й турэмным арыштам.

Вайніцкі: “Зьменаў у гэтым адміністрацыйным заканадаўстве досыць шмат. Уводзяцца новыя адміністрацыйныя віды пакараньня. Такія, як папраўчыя працы, адміністрацыйны арышт, пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю, якая патрабуе адмысловага дазволу, дэпартацыя замежных грамадзянаў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі яны груба парушаюць нашае заканадаўства. Мы пакідаем за сабой права проста з 1 сакавіка ўжываць максымальныя меры адміністрацыйнага ўзьдзеяньня”.

Істотна плянуецца ўзмацніць адказнасьць за перавышэньне хуткаснага рэжыму. Перавышэньне хуткасьці на 30 кілямэтраў на гадзіну цягне штраф да дзесяці базавых велічыняў (каля 150 даляраў). Паўторнае парушэньне цягам году можа прычыніцца да штрафу на пятнаццаць базавых велічыняў і пазбаўленьня права кіраваць транспартным сродкам да году.

Размова за рулём па мабільніку – 62 тысячы

Штрафныя санкцыі распаўсюдзяць на мінакоў, раварыстаў, пасажыраў гужавога транспарту. Інцыдэнты з удзелам гэтых удзельнікаў дарожнага руху, якія пацягнулі цялесныя пашкоджаньні ці папсавалі дзяржаўную ці прыватную маёмасьць, ад 1 сакавіка пацягнуць штраф ад 4 да 20 базавых велічынь. Ад 1 сакавіка размова за рулём па мабільным тэлефоне будзе каштаваць дзьве базавыя велічыні – 62 тысячы рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG