Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцаў Корбана і Хведарука трымаюць у адзіночных камэрах


Любоў Лунёва, Менск Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук і Алег Корбан знаходзяцца за кратамі сьледчага ізалятару КДБ. Адвакаты Хведарука і Корбана Аляксандар Галіеў і Павал Сапелка сёньня прысутнічалі на допыце ў сьледчых КДБ. Аляксандар Галіеў, адвакат Зьмітра Хведарука, паведаміў Радыё Свабода, што хлопцаў трымаюць у адзіночных камэрах. Кормяць адзін раз на дзень. Адвакат патлумачыў, што звычайна першыя трое сутак харчаваньне вельмі кепскае.

Сьледчыя высьвятлялі на допыце дзейнасьць Корбана і Хведарука ў “Маладым фронце”. Адвакаты не выключаюць, што хлопцам могуць заўтра вылучыць абвінавачаньне. Яны спадзяюцца, што маладафронтаўцаў пасьля гэтага адпусьцяць пад падпіску пра нявыезд. Яны маюць статус падазраваных у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Хлопцаў трымаюць пад вартай ад 4 лютага. Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адбывае пакараньне ў шклоўскай турме паводле такога ж абвінавачаньня.

Што такое “Савет прафіляктыкі”?

Паплечнікі Зьмітра й Алега лічаць, што КДБ распачаў крымінальную справу значна раней за 4 лютага, калі падчас паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі затрымалі 27 чалавек. Яны спасылаюцца на тое, што супрацоўнікі КДБ, нягледзячы на выходны дзень, мелі пры сабе ордэры на ператрусы ў кватэрах актывістаў арганізацыі.

Сёньня адміністрацыі навучальных установаў выклікаюць маладафронтаўцаў, якіх затрымалі 4 лютага, на “савет прафіляктыкі”. Дырэктар, ягоныя намесьнікі й сацыяльны пэдагог размаўляюць з бацькамі й вучнямі. Звычайна вучняў, якія кепска сябе паводзяць альбо маюць нездавальняючыя адзнакі, ставяць на школьны ўлік. Гэта ж распаўсюджваецца і на вучняў, што ўдзельнічаюць у апазыцыйных акцыях.

“Гэта адназначна 1937 год”

Павал Севярынец, былы лідэр “Маладога фронту”, які адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, паведаміў “Свабодзе”:

Севярынец: “Працуюць з бацькамі, працуюць з адміністрацыямі навучальных установаў, пільнуюць у засадах, праводзяць начныя допыты… То бок гэта адназначна 1937 год. “Малады фронт” зьяўляецца лідэрам беларускай моладзі. Рэжым ня можа ўзяць пад кантроль “Малады фронт”, у адрозьненьне ад многіх іншых арганізацыяў. Ён ня можа ні наладзіць супрацоўніцтва, ні запалохаць, таму што маладафонтаўцы людзі ідэйныя. Лідэры маладафронтаўцаў — людзі веруючыя і такія людзі, якія вераць у сваю перамогу й пойдуць да канца, найбольш небясьпечныя для сёньняшняга рэжыму”.

Павал Севярынец не выключае, што ў “амэрыканцы” могуць апынуцца яшчэ некалькі актывістаў арганізацыі. Апроч таго, большасьць палітвязьняў — сябры “Маладога фронту”. Артур Фінькевіч, Павал Севярынец адбываюць пакараньне на “хіміі”, Зьміцер Дашкевіч — у турме.

Глядзіце таксама:

Алег Корбан і Зьміцер Хведарук у “амэрыканцы”

Затрыманьне актывістаў "Маладога фронту". Кроніка падзеяў
XS
SM
MD
LG