Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя дэпутаты аб’ядналіся


Вячаслаў Кулік, Менск У Менску адбыўся першы сход новага складу Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. Cярод больш як 22 тысяч дэпутатаў мясцовых саветаў у Беларусі вылучэнцаў апазыцыйных партыяў і рухаў — толькі дванаццаць.

Асамблея, у якую ўваходзяць былыя і цяперашнія дэпутаты, вылучаныя апазыцыйнымі партыямі й грамадзкімі арганізацыямі, дала ацэнку апошняй выбарчай кампаніі. Гаворыць былы дэпутат і грамадзкі актывіст з райцэнтру Гарадок, што на Віцебшчыне, Леанід Гаравы:

"Выканаўчая ўлада самастойна сфаормавала мясцовыя Саветы"

Гаравы: “Сход Асамблеі адзначае, што выбары ў мясцовыя саветы не адпавядалі прынцыпам дэмакратычных і свабодных выбараў, сталі для ўладаў нагодай для далейшага ігнараваньня свабоды волевыяўленьня, зьнішчэньня веры ў прынцыпы народаўладзьдзя.

Выканаўчая ўлада самастойна сфармавала мясцовыя саветы без уліку грамадзкай думкі. Праведзеная кампанія стала завяршэньнем фармаваньня сыстэмы нелегітымных органаў улады ў краіне за апошнія два з паловай гады. Гэта Палата прадстаўнікоў і рэфэрэндум 2004 году, прэзыдэнцкія выбары 2006 году, выбары ў мясцовыя саветы 2007 году”.

Са словаў Леаніда Гаравога, сярод больш як 22 тысяч дэпутатаў мясцовых саветаў у Беларусі толькі дванаццаць вылучэнцаў апазыцыйных партыяў і рухаў. Усе яны лічаць неабходнай супольную працу й вучобу. Гаворыць дэпутат Бараньскага гарсавету Віцебскай вобласьці Віктар Міхасёў:

Міхасёў: “Дэпутаты мясцовага савету, гарадзкога, абласнога ці сельскага, ніколі ж не сустракаюцца. Няма ў нас такой магчымасьці. Няма спэцыяльнай літаратуры ці часопісу. Таму досьвед, які дэпутаты атрымалі ў апошнім складзе гэтай асамблеі, быў вялікі й добры”.

"Патрэбны досьвед тых, хто працаваў да мяне..."

Сябры Асамблеі вырашылі распаўсюджваць інфармацыю пра дэпутацкую дзейнасьць сярод насельніцтва ў рэгіёнах краіны. І ўжо цяпер пачынаецца стварэньне мясцовых тэрытарыяльных камітэтаў дэпутатаў ад апазыцыі. Першыя рашэньні тлумачыць дэпутатка Сьвіслацкага пасялковага савету на Меншчыне Вольга Харламава:

Харламава: “Я стала дэпутаткай упершыню. І мне патрэбны досьвед тых, хто працаваў да мяне, у тым ліку досьвед дэпутацкай працы і досьвед працы ў асамблеі. Тут ужо напрацаваныя кантакты й праграмы. Губляць іх толькі з-за таго, што мы цалкам зьмяняем склад, на мой погляд, было б нелягічна”.

Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў была заснаваная ў 2003 годзе. У яе склад тады ўвайшлі больш за 80 дэпутатаў ад апазыцыйных палітычных партыяў у розных рэгіёнах Беларусі.

Радыё Свабода
XS
SM
MD
LG