Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беразоўскі падазрае Лугавога ў датычнасьці да сьмерці Літвіненкі


Валер Каліноўскі, Прага Расейскі мільярдэр Барыс Беразоўскі, які з 2000 года жыве ў выгнаньні ў Лёндане, паведаміў журналістам падрабязнасьці адной з апошніх сваіх размоваў з былым супрацоўнікам КДБ Аляксандрам Літвіненкам, які памёр ад радыяцыйнага атручваньня. Літвіненка тады назваў імя свайго верагоднага забойцы.

Барыс Беразоўскі назваў Аляксандра Літвіненку сваім сябрам, які аднойчы выратаваў яму жыцьцё. Былы супрацоўнік КДБ Аляксандар Літвіненка, што меў прытулак у Вялікабрытаніі, захварэў 1 лістапада мінулага года. 23 лістапада ён памёр у лёнданскім шпіталі ад радыяцыйнага атручваньня, выкліканага палёніем 210. У сваёй перадсьмяротнай запісцы ён зьвінаваціў расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў тым, што той асабіста замовіў ягонае забойства. Крэмль адразу абверг гэтую заяву.

Перад сьмерцю Аляксандра Літвіненкі Барыс Беразоўскі наведаў яго ў шпіталі. І там хворы сказаў Беразоўскаму: “Барыс, я мяркую, што да майго атручваньня мае дачыненьне Андрэй Лугавой”.

Былы агент КДБ Андрэй Лугавой сустракаўся зь Літвіненкам у адным з лёнданскіх гатэляў як раз 1 лістапада, калі апошні адчуў першыя прыкметы хваробы.

Цяпер Лугавой сам знаходзіцца ў маскоўскім шпіталі, і некаторыя расейскія СМІ падазраюць, што ён таксама атрымаў радыяцыйнае атручэньне. Сам Лугавой ужо быў дапытаны брытанскімі дэтэктывамі, ён абвяргае паведамленьні аб тым, што Вялікабрытанія дамагаецца ягонай экстрадыцыі ў справе атручэньня Літвіненкі.

Барыс Беразоўскі настойвае на праўдзівасьці сваіх зьвестак пра Лугавога і кажа, што гатовы даць паказаньні ў справе сьмерці Літвіненкі брытанскім і расейскім уладам. Аднак да гэтага часу брытанская паліцыя так і не дапытала спадара Беразоўскага. Расейская ж пракуратура хоча дапытаць яго па зусім іншай справе -- аб падрыхтоўцы зьвяржэньня ўлады ў Расеі. Масква летась запатрабавала Вялікабрытанію выдаць Беразоўскага, але Лёндан не пагадзіўся. Праўда, брытанскі ўрад папярэдзіў Беразоўскага, што калі ён надалей будзе заклікаць да дзяржаўнага перавароту ў Расеі, ягоны статус уцекача будзе перагледжаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG