Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Фядута ў “Gazecie Wyborczej”: “Дыялёг не азначае, што трэба дараваць віну”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская “Gazeta Wyborcza” працягвае сэрыю публікацыяў “Дэбаты аб Эўропе й Беларусі” і зьмяшчае сёньня артыкул беларускага публіцыста Аляксандра Фядуты пад назовам “З кім размаўляць у Беларусі”.

“Ня верце Лукашэнку”

Паводле Аляксандра Фядуты, для Захаду адзіным рэальным партнэрам для размоваў аб сытуацыі ў Беларусі ёсьць Расея, якая, як некаторыя спадзяюцца ў Эўропе, цяпер, пасьля нафта-газавага канфлікту, спыніць падтрымку беларускага рэжыму, а Лукашэнка прыслухаецца да “голасу розуму” і выканае патрабаваньні Захаду.

“Ня верце Лукашэнку”, – заклікае спадар Фядута і адзначае, што надзеі на такія перамены вельмі малыя, бо дагэтуль беларускі кіраўнік ніколі не выконваў нават тыя “абавязацельствы па дэмакратызацыі краіны, якія на сябе браў”.

“На практыцы магчымы альянс з Лукашэнкам супраць Расеі ператворыцца ў саюз з апошнім дыктатарам Эўропы супраць дзяржавы, якая ў пэўнай ступені імкнецца да дэмакратыі. Карацей кажучы, у саюз з дыктатурай супраць дэмакратыі”, – піша Аляксандар Фядута.

Ён падкрэсьлівае, што заўсёды выступаў за дыялёг зь цяперашнім беларускім кіраўніцтвам, але “дыялёг не азначае, што трэба дараваць віну”, і, прыкладам, Варшаве пачаць размаўляць зь Менскам без папярэдняга вырашэньня сытуацыі вакол Саюзу палякаў і перасьледу Анжалікі Борыс.

Захад ня мае канкрэтных партнэраў для перамоваў у Беларусі

“Захад павінен размаўляць зь Менскам толькі пра адно: пра шляхі вяртаньня Беларусі да дэмакратычнай эўрапейскай супольнасьці... хаця відавочна, што Лукашэнка пойдзе на дэмакратызацыю краіны толькі ў скрайнім выпадку. Насамрэч, наіўныя эўрапейцы могуць хутка пераканацца, што Менск толькі імітуе дыялёг”, – піша аўтар.

Паводле Аляксандра Фядуты, праблема таксама ў тым, што Захад ня мае канкрэтных партнэраў для перамоваў у Беларусі – грамадзянская супольнасьць зьнішчаная, а апазыцыя “робіць стаўку не на палітычныя праграмы і арганізацыйныя структуры, а на асобы лідэраў”.

Менавіта таму, піша ў “Gazecie Wyborczej” Аляксандар Фядута, Захад у справе Беларусі ўсё ж будзе размаўляць з Расеяй, якая вельмі зацікаўленая ў гандлі з Эўропай і стабільнасьці “транзытных калідораў”.
XS
SM
MD
LG