Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нафтавая вайна працягваецца


Алесь Дашчынскі, Менск Расейская кампанія “Транснефть” паведаміла пра рашэньне будаваць экспартны трубаправод у абыход Беларусі. Гэта мусіць засьцерагчы Расею ад рызыкаў, якія ствараюць транзытныя дзяржавы. А беларускі бок падвысіў тарыфы на транзыт расейскай нафты празь Беларусь.

Нафтавае супрацьстаяньне Беларусі й Расеі ўступіла ў новую фазу. На паседжаньні тэхнічнай рады расейская кампанія “Транснефть” зацьвердзіла праект пашырэньня Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы. Ён уключае будаўніцтва трубаправоду абмінаючы Беларусь. Нафта пойдзе ў Эўропу маршрутам Унеча (мяжа зь Беларусьсю) да балтыйскага порту Прыморск. Мяркуецца павялічыць прапускны аб’ём спэцыялізаванага марскога тэрміналу на 50 мільёнаў тонаў нафты. Тлумачыць віцэ-прэзыдэнт кампаніі Сяргей Грыгор’еў:

Грыгор’еў: “Гэтая прапанова была зробленая яшчэ падчас крызісу ў студзені. Тады “Транснефть” прапанавала комплекс мераў, у тым ліку і пашырэньне Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы. І мы зьвярнуліся да ўраду. Пляны такія, каб не залежаць ад трэціх краінаў у транзыце нафты. Мы зробім усё, каб не залежаць ад трэцяй краіны і ад тых працэсаў, якія там адбываюцца”.

Паводле спадара Грыгор’ева, Уладзімер Пуцін ухваліў прапанаваны кампаніяй комплекс мераў і даручыў “Транснефти” і ўраду распрацоўваць гэты маршрут. Пра гэта прэзыдэнт Расеі сказаў на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі:

Пуцін: “Я ўжо даў даручэньне ўраду Расеі, і “Транснефть” практычна прыступіла ўжо да працы над плянам пашырэньня тэрміналаў у Прыморску. Дадаткова на 50 мільёнаў тон нафты. Гэта істотным чынам паменшыць нашу залежнасьць ад транзытных краінаў”.

12 лютага на меркаваную трасу будоўлі ўжо выйдуць 896 чалавек для пошукавых работаў. Гэты даволі складаны праект будзе рэалізаваны за магчыма кароткі час. Віцэ-прэзыдэнт кампаніі Сяргей Грыгор’еў сказаў:

Грыгор’еў: “Мы ўжо абышлі аднойчы Ўкраіну, абышлі аднойчы Чачэнію, пабудавалі Балтыйскую трубаправодную сыстэму... І падчас крызісу прэзыдэнт кампаніі сказаў, што калі пачнем гэтае будаўніцтва, то нам трэба каля чатырнаццаці месяцаў, каб усё завершыць. А наконт таго, што дорага… Ведаеце, Расея Беларусі плаціць каля чатырох мільярдаў даляраў штогод”.

Беларускі бок адказаў на гэтыя пляны падвышэньнем тарыфаў на транзыт расейскай нафты. Паводле пастановы Міністэрства эканомікі, яны пачнуць дзейнічаць ад 15 лютага. Прадстаўнік “Транснефти” Сяргей Грыгор’еў сказаў, што гэта ёсьць працягам палітыкі Беларусі, якая вызначылася на пачатку студзеня. Аднак кампанія яшчэ не атрымала афіцыйнага паведамленьня. Пасьля гэтага “Транснефть” мусіць яшчэ падпісаць дадатковае пагадненьне да ранейшай дамовы.

Грыгор’еў: “Нам трэба будзе нафтавікам выставіць дадатковы тарыф, які яны мусяць праплачваць. Зь імі усё гэта ўзгадніць. І ўжо потым, калі нафтавікі гэта ўзгодняць, мы падпісваем зь беларусамі дадатковае пагадненьне — і толькі тады новыя тарыфы мусяць уступіць у сілу”.
XS
SM
MD
LG