Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашы праваахоўныя органы настолькі ўвайшлі ў паляўнічы азарт за маладымі апазыцыянэрамі, што ўжо ня могуць спыніцца”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за аўторак, 6 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон Свабоды — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Спадарыня: “Дарагое Радыё Свабода, добры дзень. Вось пачаўся год дзіцяці. Мне здаецца, маіх дзяцей ён ня радуе й не ўзвышае, у зьвязку з тым, што мае дзеці пазбаўлены сувязі ў сельскай мясцовасьці ў той хаце, якую мне купілі. Яны пазбаўленыя нават дзяржаўнага транспарту, немагчыма праехаць. Дарогі ўсе закіданыя, за дарогамі ніхто ня сочыць. Усё занядбанае, аварыйнае, страшнае. Дык калі ж будзе існаваць нейкая праўда? Аляксандр Рыгоравіч, давайце возьмемся за дзяцей. Сачыць за імі крыху трэба, не прыніжаць, не абражаць нашых дзяцей, як нашы мясцовыя чыноўнікі да і астатнія людзі. Давайце больш прыглядваць за імі, таму што ідзе ад іх нейкае зло, абразы. Вось як абражаюць дарослыя, так і дзеці спрабуюць абразіць. Давайце возьмемся за чысьціню й парадак, каб наш Навагрудак хоць трошкі ўзьняўся. Ён апушчаны, ён пазбаўлены ўсяго. Страшныя дарогі! Дзеці ад гэтага нават хварэюць, у іх баляць галовы, што іх трасе. Давайце мы крыху возьмемся за дзяцей, таму што гэты год прысьвечаны толькі дзецям. Прысьвецім жа ж яго дзецям! Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Мяне цікавіць, у якога хакейнага трэнэра стрэліў сынок Лукашэнкі і ці ўзбудзілі па гэтым выпадку крымінальную справу”.

Зіноўеў: “Скажыце, ці няма небясьпекі ў перадачы сьпісу завэрбаваных беларускіх студэнтаў расейскім калегам Сухарэнкі на выпадак краху дыктатуры. Дзякуй”.

“У апазыцыі ёсьць лідэр Мілінкевіч. І ня трэба ператвараць паседжаньне Палітрады ў рэмэйк камэдыі “Гараж”. Дзякуй”.

Спадар: “Па сваіх злачынствах фашызм – нішто ў параўнаньні з бальшавізмам. Фашызм зьнішчаны і асуджаны. Адкажыце, калі ласка, што робіцца ў сьвеце, каб адбыўся Міжнародны трыбунал над бальшавізмам. І нарэшце пачаць складаць сьпісы і крымінальна перасьледваць чальцоў гэтай злачыннай арганізацыі. І шкада, што фашызм ня вынішчыў бальшавізм. Ахвяры бальшавізму заклікаюць да помсты!”

Ціна Сакаловіч: “Добры вечар. Паважанае Радыё Свабода, падкажыце, калі ласка, як мне заявіць пра сябе як пра палітыка, пра сур’ёзнага палітыка, у якога шмат канструктыўных думак? Як наогул сябе выявіць у гэтым дэбілізьме, у гэтым маразьме, у гэтым абсурдзе? І тое, што я ня вораг наогул, і тое, што ў мяне ёсьць ня толькі нэгатыў, але й пазытыў. І тое, што мне крыўдна за краіну й хацелася б дапамагчы, каб не пакутавалі мае блізкія, ні мой брат, ні я сама, ні мая дачка, ні мой пляменьнік Канстанцін, якога пэрыядычна зьбіваюць у Менску. І наогул, мне хочацца дабрабыту й шчасьця для маёй краіны, знайсьці паразуменьне з нашым спадаром Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, для якога мы ў прынцыпе ня ворагі, знайсьці нейкі кансэнсус, каб ня быць нам увесь час у гэтай “галімай” ганімай апазыцыі. Я проста хачу дагрукацца і сказаць нашаму паважнаму прэзыдэнту, што мы ня ворагі, што апазыцыя гэта ня значыць ізгоі ці нейкія ворагі народа, якія павінны ўвесь час сядзець у турме й бегчы за мяжу хавацца. Давайце шукаць паразуменьня. Чаму нас так падзялілі? Чаму адны людзі павінны бясконца пакутаваць, а заможныя сьвіньні (як мне сказалі, час рамантыкаў мінуў і пачаўся час сьвіньней)…Давайце нарэшце шукаць паразуменьня! Мы людзі адной краіны з назвай Беларусь”.

“Яшчэ хачу дадаць. Мне прыйшла ў галаву такая філязофская алегорыя. Людзі сказалі, а сабакі данесьлі. І яшчэ ёсьць такі добры выраз, на мой погляд. Добра, калі сабака – сябар, і дрэнна, калі сябар – сабака. Дзякуй за ўвагу. Да пабачэньня”.

Спадарыня: “Прабачце, можа, я назаляю… Мне кожны раз патрэбна рашучасьць, каб Вам пазваніць. У мяне такое пытаньне. Я разышлася з мужам, з казахам 10 год таму ў Карагандзе й прыехала ў Беларусь. У мяне там тры сыны. І 6 красавіка мне спаўняецца 50 год. Я зь дзецьмі стасункі падтрымліваю. У мяне яшчэ ёсьць тут дачка Наташа. У Беларусі мяне, канечне, дабіваюць, працы няма, даходаў таксама няма. Скажыце, ці магу я ў 50 год сысьці на пэнсію як маці 4 дзяцей, як шматдзетная маці. Ёсьць такія добрыя людзі, якія падказваюць, што ў мяне магчымы такі варыянт. Але варожыя мне людзі кажуць, што шансаў у мяне ў гэтай краіне наогул няма. Так як я Ваша радыё люблю і Вам давяраю, то я вырашыла Вам пазваніць і папрасіць у Вас такую кансультацыю. Можа, Вы мне неяк дапаможаце і падкажаце, ці рэальна гэта. Дзякуй”.

Спадарыня: “Ці праўда, што будуецца ці плянуецца будаўніцтва нафтаправода Адэса – Броды на Ўкраіне? І што ў гэтым прымаюць удзел Казахстан, Літва, Польшча, Украіна? Калі так, то Беларусі трэба ўдзельнічаць у гэтым будаўніцтве, каб атрымліваць нафту ад іншых дзяржаваў, ня толькі ад Расеі. І на такое будаўніцтва ня трэба шкадаваць грошай. Спадарожнік можа пачакаць, ды і на адзін лядовы палац няхай пакуль што будзе менш. Як лічаць слухачы “Свабоды”? Зычу Вам дабра, здароўя і свабоды”.

Спадар: “Мілінкевіч у нас, у Беларусі, – гэта адзіны кандыдат, ён адукаваны і разумны чалавек, таму што Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў такім стане, як немцы ў 44 годзе. І больш нічога яму не застаецца, як сысьці ў адстаўку”.

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”. Балючая для Беларусі валтузьня з Кангрэсам дэмакратычных сіл. Можа некаторым спадарам стала цёпла пад крылом спэцслужбаў? Сталая праца ў апазыцыі гадамі, звыкла прыгожа гавораць, так звыкла клапоцяцца пра Беларусь… Ды амбіцыі, фальш ужо чуваць. Час здымае маскі. Гэта Боскае, гэта немінуча. Трошачкі дадам. Калі Лябедзьку па дарозе на бунтуючую, пакутуючую плошчу Каліноўскага перахапілі ад КДБ, мне асабіста гэта нагадала, як стралялі пры дарозе па машыне кандыдата на прэзыдэнта Лукашэнку – не пацэлілі. А адзін Ваш слухач тэлефанаваў і казаў, што калі чуе размовы кіруючых Народным фронтам, яму хочацца схапіцца за зброю. А камуністы? О, як мы нацярпеліся ад іх! Тут вельмі цяжка верыцца. Божа, дапамажы моладзі павярнуцца да Беларусі. Дарагая “Свабода,” дапамажы Мілінкевічу! Дзякуй”.

Ларыса, Менск: “Нашы праваахоўныя органы настолькі ўвайшлі ў паляўнічы азарт за маладымі апазыцыянэрамі, што ўжо ня могуць спыніцца. У той час, калі набліжаюцца сакавіцкія падзеі, трэба было б і спыніць гэтыя перасьледы, даць магчымасьць маладым свабодна выказваць свае думкі. Ды і палітвязьняў ужо трэба было б вызваліць. Рана ці позна гэта прыйдзецца зрабіць, бо ніякіх перамоваў з Эўразьвязам ня можа адбыцца пры такім становішчы. Нешта можа зьмяніцца, калі Лукашэнка пагадзіцца прыняць удзел у тых мерапрыемствах, якія прапаноўвае апазыцыя ў сакавіцкія дні. Тады ў нашага насельніцтва нешта ў сьвядомасьці зрушыцца, і гэта аб’яднае наш народ. Будзем спадзявацца, што гэта адбудзецца”.

Старшыня менскага гарадзкога аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсій Аляксандр Лапіцкі: “Падтрымліваем маладафронтаўцаў, якія вядуць барацьбу за ўсталяваньне ў краіне дэмакратыі і свабоды. Вы – героі, штурмуючыя неба, Вашы імёны будуць напісаныя залатымі літарамі ў гісторыі вызваленчага руху беларускага народу! Шчыльней рады! Перамога будзе за Вамі!”

Яўген: “Чаму не перадаецца інфармацыя пра радыяцыйны фон па Менску?”

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу Вам падзякаваць за Ваша дабро. Я адчула сябе лепей. Я шмат гаварыць ня буду. Вы здагадаецеся. Дзякую Вам, што Вы ёсьць у мяне. Дай Бог Вам здароўя. Дзякую за ўвагу”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар! Шаноўныя спадары Анатоль Лябедзька, Віннцук Вячорка ды іншыя дэмакраты! Вы патрабуеце ад вельмі шаноўнага спадара Аляксандра Мілінкевіча, што ён павінен гаварыць з урадамі, амбасадарамі Эўропы і Амэрыкі. Я лічу, што ён заняў вельмі слушную лінію па абароне роднай Беларусі. Калі Вы лічыце, што ён няправільна сказаў нейкаму ўраду, дык Вы назавіце канкрэтна хоць адзін прыклад. Прыхільнікам Лукашэнкі вельмі не падабаецца, што ён шмат езьдзіць. Радавацца трэба, што яго прымаюць урады. Калі б шмат езьдзіў Лукашэнка, я б яму тысячу разоў сказаў дзякуй. Але яго ні Эўропа, ні Амэрыка прымаць ня хоча. Гэта вельмі дрэнна для роднай Беларусі. Жыве родная Беларусь!”

Сталы слухач: “Я ўношу прапанову, і калі Вы яго ня прымеце, то Вы сябе вельмі няслушна паводзіце. Вось Вы называеце чалавека: “Вось затрымалі актывіста “Маладога Фронту”. А нам гэта нічога не кажа. Хто гэта? Студэнты, працаўнікі, службоўцы? І тады мы бачым, хто гэта. Ці там дзеці па 12-14 год? Сьмешна. Прыдумалі: актывісты нейкага там фронту… Усё фронты нейкія… Хто яны скажыце? Ці Мілінкевіч, былы… А хто ён цяпер? Называйце так: старшыня нейкай там групы апазыцыйнай, беспрацоўны. А то “былы сакратар ЦК партыі, двойчы быў дэпутатам…” І што? Я не павінен называцца тым, хто я цяпер, а толькі былое? Этычна сябе паводзьце, як у Расеі, хоць яна стала ня вельмі сяброўскай. Яны вельмі дакладна па тэлевізіі і радыё тлумачаць: вось такі й вось такі. “Былыя-небылыя” нам ня трэба. Трэба тое, што ён цяпер робіць. Вы там, напэўна, толькі нейкіх мітычных дзяцей даеце, каб толькі для колькасьці было. Ня трэба. Давайце, як павінна быць. Вось такія студэнты Пятроў, Сідараў, яны ўдзельнікі “Маладога Фронту” сабраліся пабалакаць, папіць піва з дзяўчатамі, пакурыць і заадно папяваць на нешта…”
XS
SM
MD
LG