Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: “Страцім імідж краіны-ўдзельніцы эўрасыстэмы энэргабясьпекі”


Ганна Соўсь, Менск Прэзыдэнт незарэгістраванага навукова-дасьледчага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць рашэньне расейскага боку будаваць нафтаправод у абыход Беларусі недаверам да беларускага ўраду. Спадар Раманчук мяркуе, што Расея больш ня лічыць пэрспэктыўным супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Раманчук: “Гэта вельмі трывожны сыгнал для нас. У кароткатэрміновай пэрспэктыве мы ня страцім нічога, паколькі яшчэ маем гэтыя трубы і можам шантажаваць Расею платай за зямлю, можам казаць пра нейкія тарыфы перапампоўваньня. Такім чынам, нейкія інструмэнты яшчэ застаюцца. Але калі Расея пабудуе газа- і нафтаправоды вакол нас, то мы, безумоўна, страцім грошы, а гэта мільярды даляраў, якія б маглі пайсьці на нашы сацыяльныя праграмы.

Што больш страшна, і што мае неманэтарную ацэнку — мы страцім імідж краіны, якая можа ўдзельнічаць у агульнаэўрапейскай сыстэме энэргетычнай бясьпекі. Расея будуе газаправоды й нафтаправоды вакол Беларусі не адна, а ў супрацоўніцтве з эўрапейскімі структурамі, якія таксама не давяраюць Беларусі. Гэтая пэрспэктыва, калі нашы прыродныя козыры — транзытная тэрыторыя, на якой мы маглі б вельмі добра жыць і радавацца гасьцям з Усходу і Захаду — проста траціць сэнс. І гэта, безумоўна, вельмі блізарукая палітыка ўраду Лукашэнкі”.
XS
SM
MD
LG