Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Корбут: “Празь пяць гадоў у нас будзе іншая эканоміка”


Радыё Свабода Міністар фінансаў Мікалай Корбут не выключае магчымасьці перагляду бюджэту Беларусі на 2007 год, у тым ліку скарачэньня шэрагу дзяржаўных выдаткаў, каб накіраваць дадатковыя сродкі на кампэнсацыю затратаў насельніцтва й прадпрыемстваў на энергарэсурсы. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію Ройтэр.

Ён падкрэсліў, што Беларусь ня мае намеру павялічваць бюджэтны дэфіцыт, скарачаць сацыяльныя праграмы і адмаўляцца ад плянаў наконт росту заробкаў. Сёньня бюджэт сфармаваны з разьлікам дэфіцыту ў 1,5 адсотка ад ВУП, і калі атрымаецца выканаць пляны, дык гэты дэфіцыт павялічваць не давядзецца, адзначыў спадар Корбут.

Зь ягоных словаў, Беларусь у стане пераадолець нэгатыўныя наступствы значнага падвышэння кошту энергарэсурсаў, не дапусціўшы пры гэтым падзеяньня ўзроўню жыцьця й запаволеньня тэмпаў эканамічнага росту, які ў 2006 годзе склаў прыблізна 10 адсоткаў, а на 2007 год заплянаваны на ўзроўні 8 адсоткаў, паведамляе БелаПАН. Разам з тым, заяўляе Мікалай Корбут, Беларусь разьлічвае на рост замежных інвэстыцыяў у 2007 годзе. "Нам давядзецца перабудаваць сваю эканоміку, скараціць выдаткі, магчыма, перагледзіць інвэстыцыйную палітыку. Больш залучаць вонкавых інвестыцыяў, – сказаў міністар фінансаў. – Мы гатовыя дапусціць у краіну замежныя капіталы ў любой форме. Трэба толькі, каб умовы былі выгаднымі для абодвух бакоў".

Мікалай Корбут таксама падкрэсліў, што "празь пяць гадоў у нас будзе іншая эканоміка". "Яна прыстасуецца да новых умоваў, якія ёй будуць пастаўленыя", – лічыць міністр фінансаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG