Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Салавей 1925, в. Гуменікі (цяпер Слонімскі раён) — 1996, в. Казлоўшчына, Дзятлаўскі раён. Пахаваны ў в. Жыровічы, Слонімскі раён.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Свабодны розум ня можа трываць няволі,— было сказана яшчэ ў антычным сьвеце.

На пачатку 1946-га настаўнікі і моладзь Слонімшчыны стварылі падпольную беларускую арганізацыю з кансьпірацыйным назовам “Чайка”. Гэта было адказам на “татальныя зачысткі” гэбістамі “варожых элемэнтаў” і на хвалю русіфікацыі, што абрынулася па вайне на былыя заходнебеларускія землі, дзе на ўсе больш-менш значныя пасады пачалі прызначаць людзей, варожых да беларушчыны. “Чайка” мела на мэце змаганьне за нацыянальныя правы беларусаў і ўрэшце — стварэньне незалежнай дзяржавы. Слонімскія патрыёты імкнуліся пашыраць свае ідэі ў іншых рэгіёнах.

У Баранавічах філію арганізацыі стварыў студэнт гістарычна-філялягічнага факультэту мясцовага настаўніцкага інстытуту Ўладзімер Салавей, які ўвайшоў у кіроўны орган “Чайкі” — “Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху”.

Калі ў 1947-м пачаліся арышты, Уладзімер здолеў перайсьці на нелегальнае становішча. Ён быў, мяркуючы па ўсім, добры кансьпіратар: МГБ некалькі гадоў не магло схапіць маладога настаўніка, які ня толькі хаваўся на бацькоўскім хутары, але і езьдзіў, узброены наганам, па рэспубліцы.

Яго арыштавалі на пачатку 1950-х. У той час, калі я немаўлёнкам смактаў маміну цыцу, майго аднайменьніка жудасна катавалі. Нечакана Ўладзімераву бацьку “ворганы” загадалі зьявіцца ажно ў Казань. Дадому ён вярнуўся з вусьцішнай навіной: у гэбісцкіх катоўнях Валодзю ня толькі адбілі ныркі. Ягоны розум ня вытрымаў няволі...

Можна толькі здагадвацца, якія думкі апаноўвалі яго ў хвіліны прасьвятленьняў, калі Ўладзімер бачыў краты на вокнах і з жахам глядзеў на санітараў. Празь колькі гадоў, у сярэдзіне 1950-х, сваякам дазволілі ўзяць яго дахаты, але, убачыўшы жыцьцё тагачаснай, загнанай ў калгасны прыгон, вёскі, розум Салаўя зноў ня вытрымаў, гэтым разам — фатальна.

Сорак гадоў яго трымалі ў вар’ятні пад Горадняй, а ў 1996-м, нават не паведаміўшы родным, перавялі ў псыхічную лякарню ў вёсцы Казлоўшчына на Дзятлаўшчыне. Неўзабаве, не рызыкнуўшы далей хаваць ягоную сьмерць, мэдыкі паведамілі сям’і Уладзімера, што ён нібыта ўзімку заблукаў у лесе, замёрз і быў знойдзены, толькі калі растаў сьнег. Труну не адчынялі.

Але самае страшнае для мяне ў лёсе Салаўя ня гэта. Самае страшнае, што паводле сьведчаньняў гісторыка Сяргея Ярша, сваякі патрыёта анічога ня ведалі аб прычынах ягонага арышту, ніколі ня чулі пра “Чайку”... Для іх ён быў проста няшчасным вар’ятам...
XS
SM
MD
LG