Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ведаюць уласнае андэграўнднае мастацтва горш за эўрапейцаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Адзін са шляхоў вядомасьці Беларусі ў сьвеце – індустрыяльная экстрымальная музыка. Прынамсі так цьвердзяць заўзятары музычнай плыні – індастрыэлу. Так, днямі ў Парыжы дэманстраваліся два кліпы, створаныя беларускім электронным экстрымальнікам Уладам Бубенам, які вядомы сярод іншага, у Вугоршчыне, дзе празь мясцовую ФМ-станцыю рэтрасьлюе аўтарскую праграму, прысьвечаную беларускаму андэграўнду. Пакуль у ЗША, Нямеччыне, Галяндыі, Бэльгіі выходзяць беларускія электронныя рэлізы, пакуль беларускія музыканты бяруць удзел і перамагаюць на міжнародных фэстывалях, у самой Беларусі электронная музыка застаецца на ўзроўні субкультуры. Карэспандэнт Свабоды пабываў на паўпадпольнай імпрэзе індастрыял-імпрэзе, ладжанай у адным зь менскіх бараў.

Некалькі маленькіх утульных заляў. Моладзь – найперш апранутая ў чорнае, з доўгімі валасамі… Дзьве дзяўчынкі ў куце нібы заснулі. Насамрэч відаць, што яны ўваходзяць у мэдытацыю пад музыку. Некаторыя таньчаць. Я зьвяртаюся да актывіста індустрыяльнага музычнага руху Ўлада Бубена:

Бубен: “Калі ў 1990-я пачынаўся рух, у нямецкіх і бэльгійскіх часопісах друкавалі рэцэнзіі на нашу творчасьць, людзі пыталіся пра тое, дзе знаходзіцца Беларусь? Але мы дасягнулі таго, што людзі ўжо не задаюць гэтае пытаньне. Больш-менш усьведамляюць, што ёсьць такая эўрапейская краіна, і там існуе экстрэмальная электронная музыка”.

Я зьвяртаюся да актывісткі беларускага андэграўнду Алёны Жукавай: “Што канкрэтна вас цікавіць на гэтай імпрэзе?

Жукава: “Найперш цікавая эвалюцыя такой зьявы як андэграўнднае мастацтва, бо яго насамрэч ня так шмат у Беларусі. Субкультура ня мусіць быць масавай, інакш яна перастае быць субкультурай”.

Карэспандэнт: “Вы сябе камфортна адчуваеце на імпрэзе?”

Жукава: “Складана сказаць. Бо тут усё-ткі бар. У нас у Беларусі няма дзе нармальнае паты правесьці. За мяжой ёсьць магчымасьць якасна паказаць імпрэзу, ёсьць праектары, дзе можна дэманстраваць відэаматэрыялы. Найперш клюб мусіць быць клюбам: нармальная сцэна, нармальная якасьць гуку”.

Паводле многіх маіх суразмоўцаў, субкультура індустрыяльнай музыкі мае тыя ж праблемы, што і ўся беларуская неафіцыйная культура – абмежаванасьць выхаду на публіку празь канцэрты і мэдыі, бо дзяржава амаль цалкам манапалізавала права вырашаць, што трэба слухаць беларусам. Таму пасьля чарговай закрытай імпрэзы фаны празь інтэрнэт будуць сачыць за тым, што адбываецца у сфэры іхняй любімай музыкі: у Беларусі, і сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG