Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дарогу на Курапаты” пакажуць па беларускім тэлебачаньні?


Ганна Соўсь, Менск Грамадзкі арганізацыйны камітэт для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плянуе дастаць з архіваў “Беларусьфільму” дакумэнтальны фільм “Дарога на Курапаты” і ініцыяваць яго паказ па тэлебачаньні. Гэта будзе адбывацца ў рамках Году памяці, прысьвечанаму 70-годзьдзю трагічнага 1937-га году. Учора ўвечары на паседжаньні аргкамітэту пабывала нашая карэспандэнтка.

Грамадзкі аргкамітэт плянуе шэраг мерапрыемстваў для ўшанаваньня памяці беларусаў, якія загінулі ад рэпрэсіяў – гэта штомесячныя акцыі памяці, стварэньне сайту пра ахвяраў сталінізму, выданьне бюлетэняў і зборнікаў навуковых дасьледаваньняў.

“Не паўтарыцца 1937 году” – такі заклік неаднаразова гучаў на паседжаньні. Многія сябры аргкамітэту зьвярталі ўвагу на падабенства падзеяў 1937 і 2007 гадоў і прыкладам таму прыводзілі нядаўнія затрыманьні актывістаў “Маладога фронту” .

Найперш грамадзкі аргкамітэт плянуе штомесяц праводзіць акцыі памяці на месцах масавых рэпрэсіяў. Першая ўжо адбылася 30 студзеня – ва ўрочышчы Курапаты на месцы масавых расстрэлаў былі запаленыя сьвечкі ў памяць бязьвінных ахвяраў. Паралельна такія самыя акцыі праходзілі і ў Расеі. Наступны дзень памінаньня будзе 28 лютага.

На паседжаньні было вырашаны крыху скарэктаваць час і дату. З ініцыятывы Вячаслава Сіўчыка прынята рашэньне штомесячныя акцыі праводзіць 29 дня кожнага месяца пасьля 17 гадзіны, паколькі менавіта 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. І завяршальная акцыя адбудзецца менавіта 29 кастрычніка. Гэты дзень прапанавана абвясьціць Днём памяці.

У складзе аргкамітэту гісторык Ігар Кузьняцоў, пісьменьнікі Васіль Якавенка, Леанід Маракоў, дырэктар Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, палітык Вячаслаў Сіўчык, гісторык-публіцыст Якаў Басін ды іншыя грамадзкія дзеячы.

Драматург, кінасцэнарыст Уладзімер Халіп на паседжаньні згадаў дакумэнтальны фільм “Дарога на Курапаты”, які быў зроблены рэжысэрам Міхаілам Жданоўскім, апэратарам Сяргеем Пятроўскім і аўтарам сцэнару Аляксандрам Лукашуком. Фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію, але ўжо шмат гадоў не дэманструецца і ляжыць у архівах “Беларусьфільму”.

Халіп: “Гэта найвыдатнейшы фільм пра Курапаты і пра рэпрэсіі ў Беларусі. Я вельмі баюся, каб гэтыя “таварышы” ня змылі гэты фільм. Ёсьць такая тэхналягічная праблема на “Беларусьфільме”. Пэрыядычна яны змываюць стужкі, каб атрымаць срэбра. Нам трэба нейкім чынам ініцыяваць, каб гэты фільм быў паказаны ў 2007 годзе па беларускім тэлебачаньні”.

Паводле Ўладзімера Халіпа, копія фільму павінна захоўвацца і ў Маскве. Разглядаецца варыянт, каб прапанаваць “Дарогу на Курапаты” і расейскім тэлеканалам.

Што да іншых акцыяў Году памяці, то плянуецца праехаць па ўсіх вядомых месцах масавых расстрэлаў у Беларусі. Уладзімер Колас:

Колас: “Аб’ехаць усе гэтыя аб’екты. На кожным зь іх на працягу году правесьці нейкае мерапрыемства. У некаторых месцах расстраляныя, закатаваныя ня толькі беларусы, але і літоўцы, і палякі, грамадзяне іншых краінаў. Трэба даслаць праз “Мэмарыял” наш расклад гэтых мерапрыемстваў, паведаміць пра кожны з гэтых помнікаў, каб, хто хоча, далучаліся”.

Асобна на паседжаньні разглядалася пытаньне вандалізму ў Курапатах. Нядаўна чарговым разам быў апаганены мэмарыяльны знак “лава Клінтана”. Яна разламаная, частка знаку выкрадзеная. Гісторык Ігар Кузьняцоў падзяліўся сваім досьведам кантактаў з раённай і абласной міліцыяй, супрацоўнікі якой дагэтуль ня ведаюць пра разбурэньне “лавы Клінтана”. Што да шляхоў захаваньня мэмарыяльнага знаку, то прагучала шмат прапановаў – зьвярнуцца да амбасады ЗША, каб тая перанесла помнік на сваю тэрыторыю, альбо самастойна адрамантаваць лаву і ўстанавіць вакол і над ёй браніраваную агароджу, але агульнага рашэньня прынята не было.

Што да іншых плянаў грамадзкага аргкамітэту, то блізкім часам пачнецца праца над сайтам пра ахвяраў сталінізму. Пакуль яго рабочая назва “Пакутнікі”. Плянуецца штомесяц выдаваць бюлетэнь пра гісторыю рэпрэсіяў у Беларусі, а таксама надрукаваць зборнік навуковых працаў, прысьвечаных гэтай тэме.

Паводле сустаршыні аргкамітэту літаратара Васіля Якавенкі, неўзабаве будзе завершаная праца над зваротам аргкамітэту да беларускага народу ў сувязі з 70-годзьдзем кульмінацыі сталінскіх рэпрэсіяў. Мяркуецца, што зварот будзе абнародаваны на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG