Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Міжнародны дзень бармэна


Іна Студзінская, Менск 6 лютага – прафэсійнае сьвята бармэнаў. Дзень бармэна адзначаецца ў дзень сьвятога Аманда, біскупа Маастрыхцкага. Сьвяты Аманд яшчэ на пачатку VII стагодзьдзя (жыў ён у 584 – 679 гадох) стаў афіцыйным заступнікам вінаробаў, гандляроў віном, півавараў, уладальнікаў бараў і рэстарацыяў – стаў дзякуючы сваёй дзейнасьці для эвангелізацыі вінаробных рэгіёнаў Францыі, Нямеччыны і Фляндрыі. Напярэдадні прафэсійнага сьвята бармэнаў і рэстаратараў нашая карэспандэнтка высьвятляла, ці ведаюць такое сьвята ў Беларусі.

Карэспандэнтка: “Гэты ранішні рэпартаж мне давялося пісаць увечары, бо раніцай а сёмай менскія бары яшчэ не працуюць. Бар рэстарацыі “Ля ратушы 0,5”. Гутару з заўсёднікам бару.

Ці ведаеце вы, што 6 лютага – Міжнародны дзень бармэна?”

Спадар: “Так, ведаю, таму што ў мяне шмат сяброў – бармэнаў. Бармэн – гэта самая галоўная прафэсія ў любым рэстаране альбо бары. Бармэн – гэта доктар, які заўсёды насупраць кліента”.

Карэспандэнтка: “І вылечыць, нават калі баліць галава?”

Спадар: “Так”.

Карэспандэнтка: “А пасьля гэтага бару звычайна галава не баліць?”

Спадар: “Не, пасьля гэтага бару галава не баліць, відаць, у дзяўчат вельмі лёгкая рука. Інакш тут не было б столькі народу”.

Карэспандэнтка: “Гутару з бармэнам рэстарацыі “Каля ратушы” Машай. Маша, як вы прыйшлі ў гэтую прафэсію?”

Маша: “Я раней была афіцыянткай, потым павысілі – перавялі ў бармэны. І, мне здаецца, вельмі нядрэнна атрымліваецца ў мяне”.

Карэспандэнтка: “Публіка ў бары бывае розная. Хтосьці прыходзіць павесяліцца. Але бывае і канфліктная публіка, падвыпіла...”

Маша: “Любы канфлікт можна згладзіць. Вядома, па-ўсякаму бывае. У нас вельмі шмат людзей бывае, і трэба глядзець па сытуацыі. Падыходы бываюць розныя, у тым ліку і жорсткія” (сьмяецца).

Карэспандэнтка: “Вы сказалі, што праца цяжкая. І бутэлькі, і траўматызм. Плюс яшчэ і расклад працы: рэстарацыя працуе да дзьвюх гадзін ночы. Як вы вытрымліваеце?”

Маша: “У тры народ разыходзіцца. Асабліва ў пятніцу-суботу нікога ня выгнаць, усе сядзяць, адпачываюць. Да трох-чатырох гадзін ночы людзі расслабляюцца, мы нават і не спрабуем зачыняць рэстарацыю. Проста трэба вельмі любіць гэтую прафэсію. Калі прафэсія не прыносіць задавальненьня – проста памяняй яе. Вось і ўсё!”

Карэспандэнтка: “А ў колькі вы раніцай ўстаяце, калі не сакрэт?”

Маша: “Ну, гадзін у 9-10. Часу на сон вельмі мала. Але 5 гадзін хапае, каб адпачыць. Трэба трымаць сябе ў тонусе. Я асабіста займаюся стральбой кулявой. Я кандыдат у майстры спорту. Яшчэ трэнажоры, жалеза. Таксама басэйн і саўна”.

Карэспандэнтка: “Маша, улічваючы, што наш рэпартаж прагучыць раніцай, можа так здарыцца, што хтосьці з вашых наведнікаў будзе пасьля вечаровага “перабору”. Ёсьць у вас як у прафэсійнага бармэна парада, як хутка працьверазець, каб зранку адчуваць сябе працаздольным?”

Маша: “Ой, у кожнага свой рэцэпт. Мне асабіста, да прыкладу, дастаткова моцнай гарбаты з цукрам і цытрынай, мне не патрэбна кава ці які-небудзь “Рэд бул”. Некаторым лепш дапамагае кава. Безалькагольнае піва таксама нармальна. Безалькагольнае піва з раніцы вельмі добра! Але самае галоўнае – прачнуцца раніцай у добрым настроі. Добры настрой – і усё будзе цудоўна!”
XS
SM
MD
LG