Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вішнёў прэзэнтуе ў Менску “Заапарк”


Валянціна Аксак, Менск Сёньня паэт і пэрформэр Зьміцер Вішнёў паўстане перад менскаю публікай у амплюа мастака. Адразу ў дзьвюх галерэях “Падземка” і “Добрыя мысьлі” адчыняюцца экспазыцыі ягоных жывапісных твораў.

Выстава ў галерэі “Падземка”, што месьціцца на сталічным праспэкце Незалежнасьці, мае назоў “Заапарк”, а экспазыцыя ў “Добрых мысьлях” на Магілёўскай называецца “Праход да вальераў”. Аўтар тлумачыць, што назовы адпавядаюць зьместу, бо галоўныя пэрсанажы ягоных жывапісных твораў – гэта ўсялякія жывёліны і жамяра.

Вішнёў: “Шмат гадоў я займаюся дасьледаваньнем розных жывёлінаў, насякомых, паразытаў”.

Вынікам гэтых дасьледаваньняў стаў каталёг-каляндар на 2006 год пад жартаўлівым слоганам “Таракан — найлепшы сябар чалавека”. Каляндар карыстаўся вялікай папулярнасьцю ў прыхільнікаў сучаснага мастацтва, таму Зьміцер Вішнёў працягнуў гэты праект і выдаў новы каталёг-каляндар на 2008 год пад слоганам “Кожнаму таракану дайце талерку каханьня”. Сёньня на адкрыцьці абедзьвюх экспазыцыяў можна будзе набыць гэтае адмысловае выданьне.

Жывапісныя творы Зьмітра Вішнёва добра вядомыя прыхільнікам сучаснага мастацтва Нямеччыны, дзе неаднаразова ладзіліся ягоныя выставы.

Вішнёў: “Ужо пяць гадоў я даволі актыўна выяжджаю ў Бэрлін і ў другія нямецкія гарады. Летась удзельнічаў у вялікай міжнароднай выставе ў Кемніцэ, а таксама быў два месяцы ў Бэрліне па запрашэньні мастацкага дому “Тахелес”, дзе мае працы купляліся наведнікамі з самых розных краінаў”.

Творы Зьмітра Вішнёва знаходзяцца таксама ў прыватных калекцыях Швэцыі і іншых краінаў. Такая сытуацыя ня радуе мастака.

Вішнёў: “Так склалася, што за мяжой нашага беларускага мастака ведаюць лепш, чым на радзіме. Я лічу, што гэта вельмі кепска. Гэта ня толькі адсутнасьць арт-рынку, гэта адсутнасьць выхаваньня густу нашай беларускай грамадзкасьці”.

У Беларусі дасюль адбылася толькі адна пэрсанальная выстава Зьмітра Вішнёва, якую мала хто ўжо памятае, бо тое было ў 1998 годзе ў галерэі “Шостая лінія”. Дзьве экспазыцыі, якія адкрываюцца сёньня, складаюць другую ягоную пэрсанальную выставу на радзіме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG