Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Захаваная спадчына" ў Магілёве


Радыё Свабода Унікальная выстава “Захаваная спадчына” адчынілася ў Магілёўскім абласным мастацкім музэі імя Паўла Масьленікава. Праца над ёй доўжылася амаль 8 год. Цэнтральнае месца сярод экспанатаў займаюць адрэстаўраваныя фрэскі зь Бялыніцкага касьцёлу Кармэлітаў.

У 1978 годзе касьцёл зьбіраліся зруйнаваць. Пра тое даведаліся менскія рэстаўратары, якія і ўратавалі фрэскі ад зьнішчэньня. А касьцёл быў разбураны. Рэстаўрацыя фрэсак працягвалася 20 гадоў. Апавядае намесьніца дырэктара музэю Сьвятлана Строгіна.

Строгіна: ”Унікальнасьць яе ў тым, што яна з 1761 году. Мы ведаем, што імя мастака манах Іосіф. Таксама ведаем, што ён рабіў яе з двума памочнікамі – Шульцам і Прозурам. Архівы сьведчаць пра трое, што памочнікі рабілі толькі тэхналягічную працу, альбо дапамагалі рабіць не зусім галоўныя элемэнты. Сам жа росьпіс належыць манаху Іосіфу”.

Экспазыцыя не абмежаваная часам зьяўленьня фрэсак і дазваляе вылучыць адметныя рысы Магілёўскай школы Барока. На выставе таксама прэзэнтавана калекцыя абразоў XVII – XVIII стагодзьдзя. Пра адзін з іх апавядае Сьвятлана Строгіна.

Строгіна: ”У нас быў набыты цудатворны абраз іконы Маці боскай Бялыніцкай. Асабліва шанаваны абраз. Менавіта дзякуючы гэтаму цудатворнаму абразу Маці Боскай Бялыніцкай і будаваўся тады касьцёл Кармэлітаў у Бялынічах. На той час, а гэта было 18 стагодзьдзе абраз ужо славіўся сваімі цудамі і безумоўна быў галоўным экспанатам, які ўносіўся ў храм”.

На выставе “Захаваная спадчына” таксама можна пабачыць кнігі вядомага друкара XVII стагодзьдзя Сьпірыдона Собаля.
XS
SM
MD
LG