Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадыйскія навукоўцы прыдумалі, як падмануць інтэрнэт-цэнзуру


Валер Каліноўскі, Прага Інтэрнэт-цэнзура дзейнічае прыблізна ў 40 краінах сьвету, уключна з Кітаем, Узбэкістанам і Іранам. Нядаўна канадыйскія дасьледчыкі вынайшлі праграму, якая дае магчымасьць жыхарам гэтых краін мець вольны доступ да ўсяго інтэрнэту і не баяцца адказнасьці перад уладамі.

Дырэктар лябараторыі Таронцкага ўнівэрсытэту Роналд Дэйбэрт называе сваю праграму “Psiphon” як “падманшчык цэнзуры”. Першапачаткова яна можа загружацца грамадзянамі краін, дзе няма інтэрнэт-цэнзуры, напрыклад, ЗША ці Нямеччыны. Гэтыя людзі пазьней даюць адпаведны інтэрнэт-адрас сваім сябрам, знаёмым ці калегам у краінах, дзе такая цэнзура існуе. Адрас не падобны да звычайнага, што складаецца з літар, напрыклад, як адрас нашага радыё www.svaboda.org, а ўяўляе сабою сэрыю лічбаў. І карыстальнік ў Кітаі альбо Іране можа наведваць жаданы сайт без праблем.

Спадар Дэйбэрт перакананы, што грамадзяне аўтарытарных краін пры гэтым мінімальна рызыкуюць быць злоўленымі на наведваньні непажаданых уладам сайтаў.

Рызыка для карыстальнікаў мінімізаваная

Дэйбэрт: “Яны могуць злучыцца праз любы кампутар, які мае доступ у інтэрнэт. Ім нічога не трэба загружаць са свайго боку. Гэта быў наш сьвядомы выбар, каб мінімізаваць рызыку для асоб, што выкарыстоўваюць Psiphon ў месцах, дзе існуе цэнзура”.

Сувязь паміж карыстальнікамі праграмы Psiphon і сэрвэрам застаецца сакрэтнай дзякуючы інструмэнтам, падобным на тыя, што ўжываюцца пры правядзеньні грашовых плацяжоў праз інтэрнэт. Такім чынам улады ніяк ня могуць вызначыць зьмест трафіку.

80 тысячаў чалавек ужо карыстаюцца новай праграмай

Праграма ўжо стала даволі папулярнай, з 1 сьнежня 2006 году з сайту psiphon.civisec.org яе загрузіла 80 тысяч асоб, кожны дзень да яе карыстальнікаў далучаецца яшчэ 500 чалавек. Нельга дакладна вызначыць, хто гэта, але распрацоўшчыкі ужо могуць цешыцца станоўчымі водгукамі прадстаўнікоў іранскай, віетнамскай і кітайскай дыяспары.

Дэйбэрт: “Цяпер я мяркую, што база карыстальнікаў праграмы з’яўляецца нашмат шырэйшай, чым мы першапачаткова разьлічвалі. Мы думалі, што перш за ўсё нашымі карыстальнікамі стануць праваабарончыя групы і дысыдэнты. Але праграму ўжо выкарыстоўвае шырокая сетка няўрадавых арганізацыяў як з краін, у якіх існуе інтэрнэт-цэнзура, так і з тых, дзе цэнзуры няма. Прычым значная частка карыстальнікаў праграмы – журналісты”.

Спадар Дэйбэрт прагназуе далейшы рост ліку карыстальнікаў новай праграмы, бо інтэрнэт-цэнзура ў сьвеце не слабее. Напрыклад, нядаўна кітайскае абсталяваньне для фільтрацыі інтэрнэту перанялі ва Ўзбэкістане. Тэхналёгія разьвіваецца, і пасьля таго як спэцыялісты з Таронта прадставілі сваю праграму, праграмісты з камэрцыйных фірм, што вырабляюць абсталяваньне для фільтрацыі інтэрнэту, палепшылі сваю прадукцыю.
XS
SM
MD
LG