Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энэргетычная бясьпека – на вугалі й ядзернай энэргіі?


Ігар Карней, Менск Старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч і міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц распавялі, як будзе гарантавацца энэргетычная бясьпека краіны ў агляднай будучыні. Заяўлена, што кіраўніцтва Беларусі зьбіраецца мінімізаваць залежнасьць ад Расеі.

Не пасьпелі Міхаіл Мясьніковіч і Аляксандар Азярэц пачаць аповед пра энэргетычныя пэрспэктывы Беларусі, як у канфэрэнц-залі Нацыянальнай Акадэміі навук на кароткі час згасла сьвятло. Гэта падкрэсьліла актуальнасьць тэмы прэсавай канфэрэнцыі.

Міхаіл Мясьніковіч канстатаваў: да 2020 году доля прыроднага газу ў энэргетычным балянсе мае скараціцца да 50%. Цяпер ад гэтай арганічнай сыравіны, што пастаўляецца з Расеі, Беларусь залежыць на 95%. Якія альтэрнатывы прыроднаму газу?

Мясьніковіч: “У балянс паліўна-энэргетычных рэсурсаў у параўнаньні з папярэдняй Канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі прапануецца ўвесьці вугаль — 2 мільёны тонаў умоўнага паліва ў разьліку на 2020 год, а таксама ядзерную энэргетыку. Апроч таго, мы плянуем да 2015 году ўвесьці ў паліўна-энэргетычны балянс яшчэ 100 тысяч тонаў умоўнага паліва, атрыманага ад перапрацоўкі бурых вугляў, якія плянуем распрацоўваць на базе нашых радовішчаў. Першая рэдакцыя тэхнічна-эканамічнага абгрунтаваньня гэтага пытаньня знаходзіцца на ўзгадненьні ў міністэрствах і ведамствах”.

Першы блёк АЭС – у 2014 годзе

Спадар Мясьніковіч не хавае, што асноўныя спадзяваньні ўскладаюцца на атамную электрастанцыю. Першы блёк магутнасьцю 1 тысячу мэгават плянуецца здаць ужо да 2014 году. Да 2020-га будзе збудаваны наступны. Аднак, як запэўнівае міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц, хоць будаваць АЭС і вырашана, аднак няпэўна, хто канкрэтна будзе дапушчаны да рэалізацыі праекту?

Азярэц: “Пытаньне ўзроўню бясьпекі мусіць ставіцца ў першую чаргу. Мае быць гарантаваная любая абарона, які б чалавечы фактар не аказваў уплыў. Тое, што калісьці адбылося ў Чарнобылі, не павінна паўтарыцца. Таму сёньня праводзіцца поўнае вывучэньне існых праектаў атамных станцыяў. Але нельга адназначна казаць, што хтосьці мае надзейныя праекты, а хтосьці не.

Наяўная інфармацыя сьведчыць: досыць бясьпечныя праекты ёсьць у францускай фірмы “Арэва”, амэрыканскай “Вэстэрн Гаўз”, досыць надзейныя праект “А 92” сёньня прапануе расейскі бок. Але гэта ня значыць, што канкрэтна вызначаны праектоўнік, які будзе ажыцьцяўляць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Мы гэтую тэму глыбока вывучаем, абмяркоўваем, каб прыняць канчатковае рашэньне”.

"Мы не павінны залежыць ад аднаго пастаўніка"

Чарговы раз прызналі памылковасьць ранейшай дзяржаўнай палітыкі, якая базавалася на залежнасьці у пастаўках энэргарэсурсаў ад Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер, як кажа Міхаіл Мясьніковіч, сфэра сыравінных інтарэсаў Беларусі (найперш што да нафты) ахоплівае ці ня ўсю зямную кулю.

Мясьніковіч: “У рамках дамоўленасьцяў на найвышэйшым узроўні ажыцьцяўляецца праца ў рэалізацыі праектаў з Вэнэсуэлай і Іранам. Непераадольных перашкодаў на гэты момант няма, і рэалізацыя праектаў цалкам рэальная. З транспартам усе пытаньні вырашаюцца гэтак сама. Ёсьць розныя схемы, пры якіх гэта неабавязкова будзе іранская нафта. Ёсьць варыянты замяшчэньня, калі на міжнародных рынках адна прадаецца, іншая купляецца. Галоўнае ў гэтай сытуацыі — кошт і даступнасьць. Я б нават на першае месца паставіў тое, што мы не павінны залежаць ад аднаго пастаўніка. Гэтая тэма вырашаецца ў канцэпцыі”.





На здымках: 1. Адказныя за энэргетычную бясьпеку краіны — Міхаіл Мясьніковіч і Аляксандар Азярэц

2. Спадар Мясьніковіч паказвае, як адбываецца працэс эканоміі электраэнэргіі

(Фота аўтара)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG