Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пры цяперашніх цэнах трэба зарабляць тысячу даляраў”


Радыё Свабода Ці адчулі вы на ўласным дабрабыце наступствы энэргетычнага канфлікту Беларусі й Расеі? На гэтую тэму гутарыў з гарадзенцамі наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў

Малады спадар: “Я сам — не, але знаёмыя скардзяцца на кошт паліва на аўтазапраўках. Хутка цэны на яго будуць, як у Эўразьвязе, і гэтую салярку будзем вазіць ня мы ў Польшчу, а наадварот, палякі — да нас”.

Спадар: “Цэны цяпер на ўсё падняліся, усё паціху даражэе, пачынаючы ад цыгарэт, а таксама — цукеркі, жуйкі — усё, што ў краме купляеш пастаянна”.

Сталы спадар: “Найперш бэнзін падаражэў, і вельмі нявыгадна стала езьдзіць. Карацей, стала горш, значна горш: машына стаіць, за стаянку плачу, але так як раней, калі я мог заправіцца і паехаць на працу, з працы дахаты, — такога больш няма”.

Спадар: “А я на машыне кожны дзень ежджу, на дызэльнай, паліва крыху падаражэла, рублёў на семдзесят. Але ў мяне добры заробак, і дом свой, і апальваю я дровамі й брыкетам, ня газам, так што мяне гэта не закранула”.

Малады спадар: “У студзені за кватэру плацілі за сьнежань, так што з аб’ектыўных прычынаў мы не змаглі адчуць, што камунальныя плацяжы павялічыліся. А што датычыць іншых бакоў жыцьця, то ў фінансавым пляне таксама пакуль што нічога не адчулася”.

Сталы спадар: “Пакуль што плаціць давялося болей толькі за бэнзін. А квіткоў за кватэру яшчэ няма, паглядзім — што гэта будуць за цэны. У мяне ёсьць машына, я 92-м карыстаюся бэнзінам, ён, здаецца, 1840 рублёў за літар каштуе цяпер. Ну, цана ўсё роўна ўжо вельмі адчувальная”.

Спадар: “Я аўтааматар — праўда, машына ў мяне ў гаражы стаіць на зімовы пэрыяд. Але на бэнзін, я думаю, выдаткі будуць значнымі, хаця цягам восені павелічэньне цаны таксама было досыць адчувальнае. А кватэрная плата будзе, кажуць, на пяць даляраў даражэй, але я думаю, што яна падаражэе неўзабаве болей: я ўпэўнены, што адсоткаў на дваццаць — дакладна. Давядзецца сябе ў чымсьці абмяжоўваць тады”.

Спадар: “Калі гаварыць пра цэны, дык пастаянна адчуваецца, што яны падвышаюцца. Нават калі, на першы погляд, гэта ня вельмі заўважна, то ў выніку на сямейных фінансах гэта адбіваецца. Я думаю, што людзі вельмі не задаволеныя гэтым”.

Сталы спадар: “Мы цяпер плацілі за месяц каля двухсот тысяч — гэта за газ і за ўсё астатняе разам. Але ў нас прыватны дом. А за студзень-люты падаражэньне будзе, натуральна, адчувальным, на сямейны бюджэт моцна паўплывае. Пры цяперашніх цэнах трэба зарабляць, напэўна, хаця б адну тысячу даляраў”.
XS
SM
MD
LG