Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд прыпыніў разгляд справы пра дзейнасьць ПКБ (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Вярхоўны суд Беларусі сёньня прыпыніў разгляд пазову Міністэрства юстыцыі да Партыі камуністаў беларускай. Такое рашэньне вынесьлі пасьля таго, як афіцыйны прадстаўнік міністэрства Аляксандар Харытон паведаміў, што зьявіліся новыя абставіны, і міністэрства хацела б пашырыць пазоўныя патрабаваньні.

Спадар Харытон назваў “новымі абставінамі” тое, што кіраўніцтва ПКБ да сёньняшняга дня не дало пісьмовага тлумачэньня міністэрству і не абскардзіла ў судзе другога папярэджаньня, што вынесьлі 4 студзеня. Таму ён папрасіў адкласьці разгляд справы пра колькасны склад партыі, які цягнецца зь лета мінулага году.

Скрыган: Суд павінен быў закрыць справу

Сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган, якая прадстаўляе партыю ў судовым працэсе, адзначае:



Скрыган: “Суд, на нашу думку, сёньня павінен быў бы закрыць гэтую справу, таму што сьпісы ў міністэрства здалі, інфармацыя паступіла. А тое, што новае папярэджаньне вынесенае, дык гэта новая справа. Дарэчы, нам яшчэ адно — трэцяе папярэджаньне вынесьлі. І гэта, мабыць, можна рабіць штотыдзень, як цяпер робіць Міністэрства юстыцыі. Але гэта таксама зусім іншая справа. І зусім іншая размова”.

Падставай для самага апошняга папярэджаньня стаў удзел прадстаўнікоў ПКБ ва ўстаноўчым зьезьдзе палітычнага аб’яднаньня “Саюз левых сілаў” ва ўкраінскім Чарнігаве.

Новая рэдакцыя закону “Аб палітычных партыях” дазваляе Міністэрству юстыцыі зьвяртацца ў суд з прапановай ліквідаваць любую партыю, калі менш як за год пасьля першага пісьмовага папярэджаньня даецца другое. Чаму ж Міністэрства юстыцыі не карыстаецца гэтым правам? Адказу ад афіцыйнага прадстаўніка міністэрства Аляксандра Харытона я не атрымаў:

Харытон: “Ня маю паўнамоцтваў кантактаваць з прэсай”.

А вось Алена Скрыган мае сваю вэрсію:

Скрыган: “Не выносяць яны гэтага рашэньня, бо няма такой каманды. Была б такая каманда, яны б зрабілі. Але яны ж самі гэтага пытаньня не вырашаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG