Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнку не хапае рашучасьці, каб павярнуць Беларусь на Захад”


Валянцін Жданко, Менск Назіраючы за палітычнымі й эканамічнымі падзеямі апошніх месяцаў, многія нашы слухачы прадбачаць хуткія зьмены ў краіне. І пішуць пра гэта ў сваіх лістах на “Свабоду”.

Прыватны прадпрымальнік Кірыл Дарошчанка з Горадні лічыць, што беларуская ўлада ў сёньняшніх умовах вымушаная зьмяніць замежнапалітычныя арыенціры. Чаму Лукашэнка ня робіць гэтага? Вось меркаваньне слухача:

“Зьдзіўляюся, што Лукашэнку не хапае рашучасьці. У цяперашніх умовах ён павінен рабіць усё магчымае, каб павярнуць Беларусь на Захад. Расея ня проста адабрала ў яго танны газ — яна глыбока прынізіла і зьняважыла яго. І відавочна, што гэтай зьнявагі беларускі прэзыдэнт не дараваў і не даруе. Дык чаго яшчэ чакаць? Трэба ісьці туды, куды пайшлі ўсе нармальныя эўрапейскія суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, нават Украіна…

У нас ня горшая эканоміка, чым у іх. І людзі збольшага працавітыя і адукаваныя. Атрымаўшы дапамогу Эўразьвязу і доступ на эўрапейскія рынкі, мы вельмі хутка дагонім іх. Уступім у Эўразьвяз, у зону эўра, усталюем нармальную мяжу пад Смаленскам... Так, на заробкі ў Расею трапіць будзе цяжэй. Але затое нашы будаўнікі будуць езьдзіць у Нямеччыну і Англію. Заробкі там большыя, расейскага бандытызму няма. Беларускі народ гэта зразумее і падтрымае. Чаго яшчэ чакае Лукашэнка?”

Напэўна, спадар Дарошчанка, рэч у тым, што ад Лукашэнкі на Захадзе патрабуецца ня толькі дэклярацыя і ягоная гатовасьць да эканамічнага супрацоўніцтва. Вызваленьне палітычных вязьняў, незалежнае расьсьледаваньне палітычных зьнікненьняў, свабода сродкаў масавай інфармацыі, дэмакратызацыя выбарчай сыстэмы — вось толькі некаторыя галоўныя ўмовы, без выкананьня якіх шырокі дыялёг Лукашэкі й Захаду немагчымы. А пачатак іх выкананьня стане і пачаткам дэмантажу ўсёй аўтарытарнай сыстэмы, на якой трымаецца асабістая ўлада Лукашэнкі. Так што праблема тут ня ў тым, як успрыняло б зьмену палітычнага курсу беларускае грамадзтва, а якраз у асабістых палітычных пэрспэктывах беларускага лідэра.

Наш даўні сябар, былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску ў сваім лісьце выказваецца наконт расейска-эстонскага канфлікту вакол помніка савецкім салдатам у Таліне. Эстонскія ўлады ініцыявалі прыняцьце закону аб помніках, паводле якога савецкія манумэнты павінны быць зьліквідаваныя. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю ў Расеі. Ільля Копыл, які пільна сочыць за гэтым канфліктам, піша:

“Крэмль пайшоў на гэта, каб адцягнуць увагу грамадзтва ад больш важных праблемаў. На барацьбу з маленькай Эстоніяй узьняліся ўсе — ад бамжа да прэзыдэнта. Пачаліся абразы й нават напады. Віцэ-сьпікер Дзярждумы Сьліска нават абразьліва назвала тыя краіны, якія сталі незалежнымі ад Расеі, карлікамі, зь якімі можна не лічыцца, а дыктаваць ім свае ўмовы. Помнік савецкім салдатам на тэрыторыі Эстоніі Масква чамусьці лічыць сваім і нахабна ўмешваецца ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы.

Калі б кіраўніцтва СССР, вызваліўшы краіны Ўсходняй Эўропы, дало магчымасьць гэтым народам самім выбіраць свой шлях, савецкія помнікі стаялі б і людзі іх шанавалі б. Але СССР, выгнаўшы карычневую чуму, занёс туды чуму чырвона-карычневую. У той жа маленькай Эстоніі з насельніцтвам 1 мільён чалавек бальшавіцкі рэжым рэпрэсаваў больш за 200 тысяч — кожнага пятага. Колькі людзей пацярпела там у часе нямецкай акупацыі — ня ведаю, але мяркую, што значна меней.

Я сам не прыхільнік вайны з помнікамі й з могілкамі. Але бываюць такія помнікі, якія фактычна ўшаноўваюць жахлівае мінулае. Напрыклад, у цэнтры Менску ўсталяваны помнік Міхаілу Калініну. Можа, зьнішчаць яго і ня трэба, але абавязкова варта ўсталяваць адмысловую шыльду з праўдзівай інфармацыяй пра гэтага ката, які падпісваў расстрэльныя сьпісы невінаватых. Трэба, каб людзі ведалі, хто ён”.

Камуністычны рэжым імкнуўся увекавечыць сваіх правадыроў у сотнях і тысячах скульптураў, помнікаў і манумэнтаў. Прычым, месцы для манумэнтальнай прапаганды выбіраліся толькі найлепшыя — у цэнтры гарадоў і мястэчак, сярод архітэктурнай спадчыны. Дзеля гэтага зносіліся й зьнішчаліся помнікі мінулых эпохаў. І калі сёньня апалягеты камуністычных помнікаў апэлююць да нормаў дэмакратычнага грамадзтва, дзе не прынята змагацца з помнікамі, то ў адказ чуюць зусім лягічны контраргумэнт: а камуністы лічыліся з гэтымі нормамі, калі ўсталёўвалі сотні бронзавых Ільлічоў на цэнтральных вуліцах і плошчах?

Многія ўсходнеэўрапейскія краіны, у тым ліку і суседнія зь Беларусьсю, ужо знайшлі выйсьце з гэтай сытуацыі, пераносячы помнікі савецкай эпохі ў адмысловыя запаведнікі. Гэтыя зоны становяцца турыстычнымі аб’ектамі й карыстаюцца папулярнасьцю. Так зроблена, напрыклад, у Літве. Мяркую, што настане час, калі і ў Беларусі Ленін, Дзяржынскі й Калінін перабяруцца з цэнтру Менску куды-небудзь у стаўпецкія лясы.

Тэма дачыненьняў паміж Расеяй і яе былымі імпэрскімі ўскраінамі гучыць і ў лісьце Міколы Ліцьвінчука зь Белаазёрску. Слухач адрэагаваў на некалькі тэлефанаваньняў Міхаіла Лекаха з Рыгі, які вінаваціць уладу Латвіі ў дыскрымінацыі расейскамоўных грамадзянаў гэтай краіны. Мікола Ліцьвінчук піша:

“Мая дачка мае беларускае грамадзянства, але жыве ў Рызе. Дык у Латвіі ў яе больш правоў і магчымасьцяў для свайго нацыянальнага самавызначэньня, чым маюць карэнныя беларусы ў самой Беларусі. Латвія — свабодная дэмакратычная краіна. Але латышы памятаюць, як іх бацькоў і дзядоў вывозілі ў быдлячых вагонах у Сібір, як лютавалі савецкія энкавэдысты, якія нібыта прынесьлі “вызваленьне”. І яны ня хочуць, каб іх народ паўтарыў лёс беларусаў, у якіх ужо амаль дарэшты вынішчаныя мова, культура і гістарычная памяць.

Увогуле, тым, хто так енчыць пра ўціск расейцаў у Латвіі, так і хочацца прапанаваць вярнуцца на сваю гістарычную Радзіму. Там будзеце адчуваць сябе свабоднымі. Расея ж у небясьпецы: яе неабсяжныя сібірскія прасторы ўжо пачалі асвойваць кітайцы. Дык дапамажыце радзіме, едзьце аднаўляць расейскую вёску, якую зьнішчылі бальшавіцкія манілавы ды наздровы. Вось там на фэрмах і будзе вам высакародны патрыятычны занятак дзеля ўздыму роднай Расеі”.

Варта мець на ўвазе, спадар Ліцьвінчук, што многія з соцень тысяч расейскамоўных людзей, якія сёньня жывуць у Латвіі і маюць цяжкасьці з атрыманьнем грамадзянства, апынуліся там у свой час зусім не таму, што самі шукалі лепшага жыцьця за межамі РСФСР. Масква імкнулася русіфікаваць нацыянальныя ўскраіны, таму праводзіла адпаведную дэмаграфічную палітыку. Сёньня ў колішніх савецкіх перасяленцаў — дарослыя дзеці і ўнукі, якія нарадзіліся ў Латвіі і не зьбіраюцца адтуль зьяжджаць. Гэта іхная радзіма. Пры гэтым многія зь іх ужо размаўляюць па-латыску альбо імкнуцца вывучыць дзяржаўную мову, безь якой цяжка разьлічваць на добрую працу.

На заканчэньне некалькі лістоў слухачоў, які пакіну бэз камэнтару.

Нам піша Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну:

“Многія людзі, якія здольныя хоць крыху разьбірацца ў палітыцы, гадамі ня слухаюць дзяржаўнае радыё і не чытаюць дзяржаўных газэтаў. Так і кажуць: “Няма чаго там слухаць і чытаць — адна хлусьня і пахвальба!” Але ёсьць і адно выключэньне — прагноз надвор’я на першай праграме радыё пасьля гімну. Якраз зручны момант — сёмая гадзіна раніцы. Людзі зьбіраюцца на працу і хочуць ведаць, што там абяцаюць сыноптыкі.

А пасьля прагнозу круцяць “Сельскую раніцу”. Людзі чуюць і яе. Там суцэльныя посьпехі. Нават калі пасьля ўборкі збожжа незасеянае поле зазелянела руньню і калі цэны на харчаваньне ўвесь час паднімаюцца — усё роўна посьпехі. І вось тут для “Свабоды” непачаты край работы дзеля паказу рэчаіснасьці, сапраўднага жыцыця. Людзям патрэбная праўда, якая б стала аддушынай у нашай затхлай атмасфэры”.

І фрагмэнт зь яшчэ аднаго ліста, аўтар якога Васіль Кавалёў зь Менску:

“Свабоду любяць усе, нават маленькія кузуркі. А тут гвалцяць цэлы народ — а ён маўчыць. Чаму? Няўжо мы так прыцярпеліся да несвабоды?”

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG