Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лошніца: “Лепш галодная сьмерць на волі, чым рэгулярная пайка ў канцлягеры”


Віталь Сямашка, Лошніца, Барысаўскі раён Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.

Пачуў пра факт, які ў Лошніцы, самым населеным мястэчку на Барысаўшчыне, называюць “беспрэцэдэнтным”. Уявеце: маладому настаўніку, прызнанаму найлепшым у раёне, райана ж прапануе пасаду дырэктара школы. А той у час, калі знайсьці працу лічаць за шчасьце, зь нейкіх там прынцыпаў падае заяву на звальненьне.

Карацей, ехаць у Лошніцу было цікава. Мяне сустрэў былы настаўнік беларускай мовы, цяпер беспрацоўны 27-гадовы Сяржук Абрамовіч. Цікаўлюся, ці зьвязаная назва Лошніца з Лошыцкім паркам у Менску. Замест адказу мой знаёмец вядзе мяне на месца, дзе некалі быў вялікі князь Вітаўт.



Абрамовіч: “Вітаўт праяжджаў па гэтай мясцовасьці. І вось тут, на шляху ў Воршу, спыніўся начаваць. Тут быў толькі зарасьнік і ручай. Ён спыніўся ля ручая, яму зрабілі ложак. І вось ад “ложак” узьнікла назва. Спачатку гучала як “ложніца” — потым “ж” аглушыўся. І на гэтым месцы ўзьнікла паселішча. Гэтую легенду перапісвае ў сваёй кнізе “Цячэ з-пад сьвятой гары Нёман” Юрка Віцьбіч, выдадзенай у Мюнхэне ў 1956 годзе. Ён зьвязвае гэту назву і з ласямі, якіх шмат вялося ў навакольных лясах. І таму Лошніца”.

Яшчэ два гады таму ў цэнтры пасёлку існавала прыватная кавярня “Князь Вітаўт”, якое цяпер чамусьці завецца “Сьветлячок”. Гутарым з 23-гадовай прыгажуняй-бармэншай Тацянай.

Карэспандэнт: “Таня, а чаму зьмянілі назву?”

Тацяна: “Ну, перарабілі на дзіцячае кафэ”.

Карэспандэнт: “А чаму джын-тонік стаіць, дзецям не рэкамэндуецца”.

Тацяна: “Падлеткі прыходзяць… Я ня ведаю, можа з палітычных прычынаў”.

Карэспандэнт: “А вам больш падабаецца “Князь Вітаўт” альбо “Сьветлячок”?”

Тацяна: “Канечне, “Князь Вітаўт” лепш гучыць”.

Дамаўляемся, што непасрэдна пра “справу Абрамовіча” пагутарым пры канцы вандроўкі — Сяржук згадзіўся быць маім гідам у Лошніцы. Акурат насупраць кавярні гандлёвы цэнтар, дзе ўпершыню трынаццаць гадоў таму ўзьнікла беларускамоўная шыльда — “Крама”. Што цікава — яе павесілі армяне, бацька і сын Ханагяны. Малодшы, 20-гадовы Аргам, кажа, што справа на ўздыме — комплекс мае мільённы абарот ад гандлю штодня.

Ханагян: “Сёньня не папрацую, канкурэнты мяне і кінуць, мае пакупнікі сыдуць. Я пастаянна трымаю марку, сьвежае прывожу, нічога застарэлага няма. А ў дзяржаўных крамах гэта ёсьць”.

У часе вандроўкі зьвяртаю ўвагу на прывабны двухпавярховы, але нібы замерлы будынак шпіталю. На дзьвярах з надпісам “03” — замок. Знаходзім дзяжурную доктарку, якая тлумачыць, што пры канцы мінулага году шпіталь зачынілі пажарныя. Наўздагон кідаемся за галоўлекаркай, якая колькі хвілінаў таму яшчэ была тут. І вось мы ў кабінэце Сьвятланы Ўладзімераўны Адліванчык, якая інфармуе, што пажарнай сыгналізацыі няма ад моманту адкрыцьця, з 1990 году.



Адліванчык: “Асабліва пасьля сэрыі пажараў у Маскве ў мэдычных установах з гібельлю людзей інспэктар хадзіў-хадзіў, пісаў-пісаў нам”.

Карэспандэнт: “І вам прыйшлося сагнаць з ложкаў усіх хворых?”

Адліванчык: “Так. Хворых сталага веку, што з сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сыстэмай, якім цяжка абысьціся без дапамог”.

Інфармацыя да ведама. Сёлета фінансаваньне аховы здароўя на Барысаўшчыне скарачаецца на 10 мільёнаў рублёў, што аўтаматычна прывядзе да зьмяншэньня на траціну бюджэту Лошніцкай бальніцы. А ложкаў — было пяцьдзясят, стане дваццаць пяць. Тэрыторыю з 23 населенымі пунктамі, у якіх жывуць 15 тысяч чалавек, сёньня абслугоўвае адна машына хуткай дапамогі. На гэтым тле, у прыватнасьці, прафіляктычныя намаганьні лошніцкіх мэдыкаў выглядаюць дон-кіхоцкімі.

Карэспандэнт: “Я чуў, вы нават вышукваеце людзей, каб своечасова зрабіць рэнтген, прышчэпкі?”

Адліванчык: “Канечне! Іншы раз празь сілу імкнемся прымусіць чалавека быць здаровым. Гэта ня сьмешна, калі доктар зь сястрой прыходзяць да жанчыны, у якой потым пацьвердзілася цяжкае анкалягічнае захворваньне. Яна размаўляла з доктарам на ганку, а ў двары бегаў злы сабака. А праз год прыходзіць, калі орган стаў разбурацца і яе выратаваць немагчыма. Нашыя мэдсёстры і чатыры, і пяць разоў ходзяць у адну кватэру, прымушаем подпіс ставіць, што ім паведамлена прайсьці прышчэпку, флюарограф”.

Карэспандэнт: “І за якія такія грошы?”

Адлівончык, сьмяецца: “Сястра 300 тысяч зарабляе, прэміяльны фонд 30—50 тысяч”.

На чарзе змрочна-маўклівыя збудаваньні заводу “Аграмаш”. Калісьці выпускалі дваццаць культыватараў для апрацоўкі зямлі на месяц. Ад пачатку году ўдалося прадаць два. Працуе 120 чалавек. У суботу, калі я там апынуўся, не было ніводнага. Што ж, тут няма чаго рабіць, кажа вартаўнік ды патомны рабочы прадпрыемства Юры Зьмітравіч Сарокін.

Сарокін: “Заказы б бралі калгасы, а цяпер рынку збыту, грошай няма. Заробак скараціўся ў людзей — цяпер 150 тысяч, раней да 400 атрымлівалі”.

Карэспандэнт: “Думаеце, нічога ня зьменіцца?”

Сарокін: “Зьменіцца, вядома. У горшы бок. Газэты ж надрукавалі, што квартплата падвысіцца, а ці падвысіцца заробак — гэта не надрукавалі!”

* * * Нам пашэнціла — на месцы аказаўся намесьнік старшыні сельсавету Анатоль Васілевіч Цімашонак. Сёлета ў Лошніцы мае паўстаць аграгарадок. Суразмоўца пералічвае дасягненьні: пакладзена сем кілямэтраў асфальту, усталяваныя ўязныя знакі, зрабілі шэсьць кілямэтраў плоту. Кажа спадар Цімашонак:

Цімашонак: “Лошніца будуецца — за два гады ўведзена парадку трыццаці катэджаў. Двухпакаёвая кватэра каштуе цяпер 10—14 тысяч даляраў. Купляюць, у асноўным, зь Менску, Барысава асобы пэнсійнага веку, бо на вёсцы прадукты і таньнейшыя, і экалягічна чысьцейшыя на сваіх прысядзібных участках. Больш маладым цяжкавата знайсьці працу”.

Калі размаўляў з жыхарамі безь мікрафона, уведаў, што самае буйное прадпрыемства Лошніцы — жывёлагадоўчы саўгас-камбінат “Барысаўскі” — мае запазычанасьць пяць з паловай мільярдаў рублёў перад мясцовым жа заводам камбікармоў. Тут працуе каля тысячы чалавек з шасьцітысячнага пасёлку. Кажу Анатолю Васілевічу, што саўгас-камбінат меў бы даваць добры прыбытак.

Цімашонак: “Вы разумееце — пытаньне, што ня можам камэнтаваць… (Сьмяецца.) Слабаватая, на мой погляд, служба маркетынгу і рэалізацыя ў саўгасе-камбінаце”.

Адышоўшы колькі соцень мэтраў, адчуваю раптам характэрны пах. Камэнтуе Сяржук Абрамовіч:

Абрамовіч: “Калі ехаць ля гэтага комплексу, можна чуць пахі ня вельмі прыемныя, выдзяляецца аміяк. А летам пахі гэтыя жахлівымі становяцца — жывеш, як у сьвінарніку”.

Нарэшце, маем час пагутарыць непасрэдна зь Сержуком Абрамовічам. Нагадаю, малады настаўнік беларускай мовы звольніўся на ўласнае жаданьне, хоць яму сьвяціла дырэктарская пасада ў сельскай школе. Папярэдне, дарэчы, выйграў прафэсійны конкурс і быў прызнаны найлепшым настаўнікам Барысаўшчыны — хоць перамога была абяцаная іншаму. Пасьля гэтага Сяржук зазнаў няласку начальства.

Абрамовіч: “Прыходжу ў школу — і “ты тое ня так робіш, гэта”. Напрыклад, прыдзе да мяне на ўрок дырэктар — і бачу з інтанацыі, выразу твару, што ён задаволены ўрокам, што малады нават не хвалюецца, дзеці не баяцца. І раптам пачынае такую лухту гарадзіць! “Чаму ў цябе не было міжпрадметных сувязяў з матэматыкай, фізыкай?” Спачатку пачынаў корпацца ў сабе, знаходзіць хібы, якіх не было. Непаразуменьні зь дзецьмі пачаліся. А настаўнікі ўсе былі прыгнечаныя, абаперціся няма на каго.

І, нарэшце, напісаў на паўгазэтнай паласы артыкул “Ружай хоча быць калючы дрот” — радок зь верша Рыгора Барадуліна. Паслаў у “ЛіМ”, яны надрукавалі. У раёне мяне спалохаліся, вырашылі, што ёсьць нейкія сувязі ў рэспубліцы — маўляў, я пачынаю іх шантажаваць, мне патрэбны смачны кавалак, каб я супакоіўся. Я спачатку згадзіўся на пасаду. А калі ехаў, падумаў, што пра мяне людзі падумаюць: спачатку напісаў праўду, а цяпер, як стаў начальнікам, замаўчыць. Я прыехаў у аддзел адукацыі і сказаў, што перадумаў, увогуле, хачу звальняцца”.

Пытаюся ў Сержука, што і каму даказаў — і дырэктар жа, і начальнікі з райана засталіся на месцах. І наколькі сытуацыя палітызаваная?

Абрамовіч: “Я не адчуваў, што выступаю супраць сыстэмы. Я бачыў перад сабой закансэрваваных кар’ерыстаў, якія трымаюцца за сваю пасаду і зайздросьцяць, калі прыходзіць чалавек з новымі поглядамі. Хаця я разумеў, што гэта ўсекраінная прыгнечанасьць. Паміж сабой апазыцыйныя думкі выказваюцца, а калі зьбярэцца пэдсавет — усе за Лукашэнку! (Сьмяецца.) Было шкадаваньне, што была пэўнасьць у заўтрашнім дні, пайка ў канцлягеры. Але ў маральным пляне, для сябе, канечне, не шкадую, бо я зрабіў правільна”.

Яшчэ адзін галаўны боль жыхароў Лошніцы — блізкая выпраўленчая калёнія, дзе дзьве з паловай тысячы асуджаных. Я пазнаёміўся ў Лошніцы з былым дэсантнікам Юр’ем, які апавёў пра моладзевую злачыннасьць.

Юрый: “Выйсьці на вуліцу жахліва, бо цябе малалеткі дэбільныя абрабуюць, заб’юць і забудуць, хто ты такі. Міліцыі няма ніякай, самі бандыты. Я сёньня хаджу з дубінкай. Я баюся за сваё дзіця, жонку, родных. Яны просяць спачатку цыгарэту, а потым рабуюць і забіваюць”.

Сяржук Абрамовіч знаёміць мяне зь сябрам — 23-гадовым беспрацоўным гісторыкам Алесем Навумаўцом. Той, аказваецца, нядаўна хацеў уладкавацца на працу ў калёніі. Цікаўлюся, чым выкліканы гэткі неадназначны выбар.



Навумавец: “Ад безвыходнасьці. І проста спосаб зарабляць грошы”.

Алеся непакоіць тое, што адбываецца з Лошніцай, радзімай, з намі. Хоць у часе размовы адчувалася, што хвалюецца — усё-ткі першае ў жыцьці інтэрвію.

Навумавец: “Жыць добра таму заўсёды было, хто знаходзіцца ля карыта. А каб мець сродкі цяпер, трэба быць палітычным прыстасаванцам. У Лошніцы, напрыклад, калі ты маеш сваё меркаваньне, за каго галасаваць, ня будзеш галасаваць за “таго” дэпутата, можаш паляцець з інтэрнату. Чалавек палітычны, як гаварыў Арыстотэль, з кожным годам выпарваецца. Проста людзі, можа, стаміліся шукаць нешта, бо іхныя намаганьні проста ня ўлічваюцца, разьбіваюцца аб сьцяну.

А малодшае пакаленьне ўвогуле абалваньваецца. СМІ лепяць зь іх людзей з аднамернымі поглядамі. Па ТБ пацеха пустая, што ня мае нічога чалавечага. Я не ведаю, каб з майго пакаленьня хадзілі ў тэатар, філярмонію. Абмеркавалі б кнігі — Разанаў, Пялевін. “Беларускі цуд” цяпер замарозіцца — грошы вымываць ня будзе адкуль. А цяпер нафта, газ… Дзяржава будзе разбурацца па цаглінах. А паколькі цэнтралізаваная ўлада, адаб’ецца і на ўскраіне, на Лошніцы. Адраджэньне і можа пачацца, калі ўсё даходзіць да скрайняй кропкі. Я не магу прадбачыць, у які бок будзе гэты выбух. А калі гэта будзе, адродзіцца і Лошніца”.
XS
SM
MD
LG