Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Корбан – у сьледчым ізалятары КДБ


Любоў Лунёва, Менск Сваякі Алега Корбана паведамілі Радыё Свабода, што хлопца трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ. Месца знаходжаньня сябра “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука невядома. Ягоныя паплечнікі не выключаюць, што ён цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, але не губляюць надзеі і дзяжураць ля будынку суду Савецкага раёну Менску. Учора міліцыянты затрымалі каля 30 актывістаў “Маладога фронту” падчас паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі. Пазьней усіх, акрамя Зьмітра Хведарука, адпусьцілі. Алега Корбана затрымалі ва ўласнай кватэры, калі ён сьвяткаваў свой дзень народзінаў.

Моладзевыя актывісты мяркуюць, што супраць Корбана і Хведарука могуць быць заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаю, што менавіта за гэта суд прысудзіў лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча да 1.5 гадоў зьняволеньня. Чатыры актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” ўжо адбылі пакараньне паводле гэтага артыкулу.
XS
SM
MD
LG