Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Лавіцкі: “Я веру сваёй жонцы”


Радыё Свабода Мікола Лавіцкі — удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Я веру ў прадчуваньне. Часьцей за ўсё прадчуваньні спраўджваюцца. Кажуць, што гэта мой Анёл. Я веру — ён мяне ахоўвае, перасьцерагае ад няшчасных выпадкаў, дапамагае ва ўсіх добрых справах. А мо гэта мае продкі з таго сьвету?

Я веру, што лёс чалавека можна прадугадаць і гэтаму маю пацьверджаньне.

У 50-х гадох мінулага стародзьдзя з старэйшым братам Генікам аднойчы ехалі ў Слуцак празь Магілёў. Сядзім на лавачцы на прывакзальнай плошчы, чакаючы цягніка, ядзім марозіва. Да нас падыходзіць жанчына і кажа, што каб мы яе не палохаліся, яна не цыганка, але хоча пагадаць Геніку і рада будзе, калі ён дасьць ёй колькі грошай, бо яна выпісалася з шпіталю і няма за што купіць білет. Яна нас шакіравала адразу, назваўшы першыя літары імёнаў бацькоў і нашых. Шмат гаварыла брату. Запомнілася: “Беражыся вады!” Будучы на асваеньні цалінных зямель у Казахстане, Генік з сябрам, купаючыся ў нейкім азярцы, пачалі тапіцца. Выратавалі тады яго аднаго. Але ўжо будучы пэнсіянэрам загінуў, калі нёс вядро з вадой са студні: паваліўся ў лужыну зь перакуленага вядра.

Я веру ў сваю сацыял-дэмакратычную партыю Грамада. Веру, што зьнікнуць, сыйдуць з палітычнай арэны тыя, хто лічыць сябе палітыкам, а на справе задавальняе свае амбіцыі. Я веру Казуліну, старшыні нашай партыі, які зьяўляецца палітычным вязьнем. Веру, што адбудзецца суд над Лукашэнкам.

Я веру, што дзяржава стане сапраўды беларускай, і ў яе будзе не дзяржаўная ідэалёгія, а дзяржаўная палітыка, пры якой будзе актыўна, гарманічна разьвівацца нацыянальная культура беларусаў і іншых нацыянальнасьцяў, будзе ахоўвацца наша адметнасьць.

Я веру, што ацьверазее наш народ. Засьпявае, як кольвечы. І песьні людзкія загучаць зноў над ваколіцамі вёсак, а не магнітафонныя запісы артыстаў.

Веру, што зьменіцца стаўленьне да палітыкі, да партый. На партыйцаў будуць глядзець не як на тых, хто ірвецца да ўлады, а як на сумленную, інтэлектуальную, актыўнейшую частку грамадства.

Насуперак прымаўцы “Ня вер каню ў дарозе, а бабе дома” я веру сваёй жонцы. Вось ужо 40 год вера мая спраўджваецца. Веру сваім дзецям. Упэўнены, калі станецца пайсьці ў партызаны, як майму бацьку ў мінулую вайну, яны будуць побач у акопе, а ўнучкі з бабуляй будуць падносіць патроны і ежу, як мая маці майму тату.

Тылы ў мяне надзейныя. Я веру ў гэта.

*** Мікола Лавіцкі — актывіст Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, прыхільнік ідэяў беларускай сацыял-дэмакратыі. Нарадзіўся на Сеньненшчыне ў 1946 годзе, скончыў школу майстроў Менскага аўтазаводу і там жа працаваў кавалём, электраманцёрам, тэрмістам, быў старшынём прафкаму аўтамабільнай вытворчасьці. Аўтар кнігі “Радзімы покліч”. Цяпер на пэнсіі. Жыве ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG