Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйных камуністаў выклікаюць у Вярхоўны суд


Уладзімер Глод, Менск Вярхоўны суд Беларусі сёньня разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі да Партыі камуністаў беларускай, якая знаходзіцца ў апазыцыі да дзейных уладаў. Міністэрства патрабуе прыпыніць дзейнасьць ПКБ, ачольванай Сяргеем Калякінам.

Канфлікт паміж міністэрствам і апазыцыйнымі камуністамі доўжыцца зь ліпеня мінулага году. Ад партыі запатрабавалі перадаць у Мін’юст сьпіс сваіх чальцоў: маўляў, трэба праверыць, ці мае яна адну тысячу чалавек. Згодна зь дзейным заканадаўствам, гэта той мінімум, які неабходны для дзейнасьці палітычнай партыі ў Беларусі.

Сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган лічыць, што сьпіс спатрэбіўся зусім зь іншай нагоды:

Скрыган: “Каб узьдзейнічаць на нашых партыйцаў праз работу, праз выканкамы. Спачатку, дарэчы, гэтыя сьпісы ад нас запатрабавалі выканкамы. Мы ім адмовілі. Тады прыйшло патрабаваньне зь міністэрства. Мы доўга супраціўляліся, зьвярталіся ў Вярхоўны суд, паколькі, паводле закону, патрабаваць разгорнуты сьпіс усіх сяброў партыі нельга. Але Вярхоўны суд вырашыў, што міністэрства мае такое права. І ў той жа дзень мы здалі ў Мін’юст сьпіс на паўтары тысячы. Пасьля чаго і адбылося тое, чаго мы чакалі. Сьпісы трапілі ў мясцовыя выканкамы. І пачалася супраць нашых партыйцаў сапраўдная кампанія”.

Міністэрства юстыцыі паведамляе, што з паўтары тысячы правераных каля двухсот подпісаў прызнаныя несапраўднымі.

Алена Скрыган з гэтым не пагаджаецца. Яна гаворыць, што некаторыя адмаўляліся пацьвярджаць сваё сяброўства ў партыі, баючыся рэпрэсіяў з боку ўладаў. Але яны застаюцца ў ПКБ, плацяць унёскі:

Скрыган: “Кожнага выклікалі, апытвалі, прасілі пісьмова пацьвердзіць сваё сяброўства. Многіх пераконвалі перайсьці ў КПБ. Залучалі да гэтага міліцыю. Міліцыянты хадзілі па кватэрах, заходзілі на працу. Ну і, зразумела, якое адчуваньне ў чалавека, калі ўвечары да яго заходзіць міліцыянт і сувора пытаецца: “Вы сябра Партыі камуністаў беларускай?”. Сапраўды людзей запалохвалі. Старэйшых прыстрашвалі, казалі, што зь іх здымуць пэнсію (як гэта: вы ў апазыцыі, а пэнсію ад дзяржавы атрымліваеце?!). Шмат чаго было”. У пятніцу, 2 лютага, апазыцыйныя камуністы зьвярнуліся з пазовам у Менскі гарадзкі суд да ўпраўленьня юстыцыі сталічнага гарвыканкаму, якое ўжо тры разы адмаўляецца зарэгістраваць гарадзкую партыйную арганізацыю. Наяўнасьць партарганізацыі ў сталіцы – абавязковае патрабаваньне да палітычнай партыі, яно вынікае з новага закону “Аб палітычных партыях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG