Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс падзеяў тыдня (5 – 10 лютага)


Радыё Свабода

Панядзелак, 5 лютага

У Менску ў офісе ТБМ пройдзе паседжаньне аргкамітэту для падрыхтоўкі да 70-х угодкаў трагічных падзеяў 1937 году. Прадстаўнікі грамадзкасьці зьбіраюцца таксама абмеркаваць падзеі ў Курапатах, дзе вандаламі была чарговы раз пашкоджана мэмарыяльная “лава Клінтана”. Гісторык Ігар Кузьняцоў:

Кузьняцоў: “Мы абмяркуем сытуацыю, як грамадзкасьці на гэта рэагаваць у будучыні? Бо гэта ужо 11-ае апаганьваньне, а нічога не мяняецца. Усе крымінальныя справы закончваліся нічым. Апошняя была закрытая год таму ў лютым”.

Аўторак, 6 лютага

Спаўняецца 82 гады Ульляне Захаранцы, маці экс-міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі, які зьнік у траўні 1999 году. Па традыцыі ў пасёлак Васілевічы Гомельскай вобласьці павіншаваць маці зьніклага палітыка выправяцца беларускія праваабаронцы. Сярод іх – Алег Воўчак:

Воўчак: “Паедзем з калегамі-праваабаронцамі, наведаем, пра здароўе распытаем. Прывязем ёй садавіны. Грошай на лекі зьбярэм, яна цяпер часта хварэе. Гэта такі знак павагі маці Юр’я Захаранкі. Не ўпершыню гэтак езьдзім – кожны год”.

Серада, 7 лютага

У Брусэлі на паседжаньні Эўрапарлямэнту адбудзецца так званы “беларускі дзень”, калі перад дэпутатамі выступяць экспэрты зь Беларусі. Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка будзе адкрываць сэсію па вывучэньні сытуацыі ў Беларусі:

Вячорка: “Спадзяюся, што эўрапейскія парлямэнтары, а таксама людзі з аналітычнай супольнасьці, прадстаўнікі амэрыканскіх партыйных інстытутаў, якія прыедуць на паседжаньні, будуць кіравацца інтарэсам да Беларусі. Спадзяюся, гэты інтарэс абумоўлены дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, а таксама энэргетычнай і эканамічнай сытуацыяй, якая склалася вакол краіны”.

Чацьвер, 8 лютага

Адвакат Ігар Рынкевіч ад імя Аляксандра Казуліна накіруе ў пракуратуру скаргу на Аляксандра Лукашэнку, які, на думку палітвязьня, зьняважыў яго падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Ігар Рынкевіч нагадвае падзеі сакавіка 2006 году:

Рынкевіч: “Па-першае, было сказана, што нейкіх жанчын пабілі Казулін зь іншымі ў Палацы чыгуначнікаў. Потым словы ў ягоны адрас: “адмарозкі” ды іншыя. Потым – паклёп пра тое, што быццам Казулін зьвяртаўся ўначы да прэм’ер-міністра. Гэта ўсё было выкладзена ў адным дакумэнце яшчэ год таму, але тады Казулін не хацеў даваць яму ходу, каб не выглядала, што гэта помста, вока за вока”.

Пятніца, 9 лютага

Спаўняецца 150 год з дня пастаноўкі першай беларускай п’есы “Сялянка” Дуніна-Марцінкевіча, вядомай сучаснаму беларускаму гледачу як “Ідылія” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Раз на некалькі месяцаў “Ідылія” яшчэ ідзе ў Купалаўскім тэатры, хаця адмысловых ўрачыстасьцяў да ўгодкаў клясычнага твору не рыхтуецца, паведамілі ў Міністэрстве культуры. Заняты ў “Ідыліі” вядомы актор Віктар Манаеў кажа пра адметнасьці цяперашняга спэктаклю:

Манаеў: “Зусім ня тая “Ідылія” цяпер. Па-першае, ужо і людзі пайшлі з жыцьця тыя, пры якіх спэктакль рабіўся і для якіх ён рабіўся. Гэта Юры Авяр’янаў, Анатоль Луцэвіч, Лілія Давідовіч. Іншы артыст ужо грае галоўную ролю Караля Лятальскага. Спэктакль ставіўся для Віталя Рэдзькі і Зоі Белахвосьцік, але Віталь Рэдзька ўжо не працуе ў тэатры амаль 6 гадоў. Іншыя выканаўцы, іншы час, іншае стаўленьне. Рэжысэр, які паставіў спэктакль, цяпер у Санкт-Пецярбурзе, а спэктаклю патрэбны добры дагляд”.

Субота, 10 лютага

Вырашальны дзень менскага тэніснага матчу Беларусь – Швэцыя ў рамках турніру на Кубак Дэвіса. Нядаўна арганізатары турніру настаялі на замене пакрыцьця тэнісных кортаў, да якіх прызвычаіліся найперш беларускія тэнісісты. Спартовы камэнтатар Мікалай Петрапаўлаўскі разважае, ці адаб’ецца гэта на гульні беларускіх спартоўцаў:

Петрапаўлаўскі: “Рэч у тым, што гэтае пакрыцьцё той самай клясы, як і ранейшае. Толькі тое састарэла, знасілася, а гэтае новае. А да новага трэба прызвычаіцца ўсім: і нашым тэнісістам, і швэдам. Гэта заўсёды патрабуе часу. Але вырашальнага значэньня новае пакрыцьцё тэнісных кортаў мець ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG