Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна(фота+аўдыё)


Ганна Соўсь, Менск Больш за дзесяць месяцаў знаходзіцца за кратамі былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, якога суд прысудзіў да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавачвалі ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў 25 сакавіка 2006 году. Тыдзень таму жонка Ірына і дочкі Вольга і Юлія атрымалі першае доўгатэрміновае спатканьне з Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі. Дома іх з нецярпеньнем чакала ўся вялікая і дружная сям’я Казуліных – бацькі, брат і сястра з мужам, пляменьніца і ўнук.

Слухаць:



“Ура! Ура! Ура!”

“Мы ганарымся нашым Сашанькам”.

“Мы яго вельмі любім, і ганарымся, што ён наш...”

“Брат”.

“Дзядзька”.

“Сын”.

“І татачка”.

“За нашу сям’ю і дзядзю Сашу”.



У кватэры Казуліных -- сьвята. Урачыста накрыты вялікі стол, на ім большасьць страваў з тых, што любіць Аляксандар Казулін – салат з гародніны, перцы, што марынавала сястра Алена, неверагодна смачны хатні таматны сок і смажаная бульба. Усе ўважліва слухаюць расповед Ірыны Казулінай пра трохдзённае спатканьне.



Ірына Казуліна: “Мы ўжо зайшлі, расклалі рэчы, але яго яшчэ не прыводзілі. Стаім, прыслухоўваемся, калі пачуем яго голас. І калі пачулі, адразу сталі сьмяяцца, пішчаць, крычаць “татачка”. І калі ён зайшоў, адкрыліся дзьверы, і мы на яго накінуліся ўтрох. І што было самае прыемнае і радаснае, што ў яго твар, прыкладна такі, як і быў раней”.

За сталом сёньня кожны тост -- за Аляксандра Казуліна. Прамаўляе ягоная сястра Алена.

Алена: “Мы кожную хвіліну чакалі і думалі аб тым, што ў гэты момант робіцца там у калёніі, у тым пакойчыку, дзе знаходзяцца Сашанька, Ірышка, Воленька і Юленька. Пра што яны гавораць, ці пускаюць іх на паветра, ці гладзяць адзін аднаго за ручкі. І цяпер, я думаю, Саша думае, што цяпер мы разам”.

Больш за дзесяць месяцаў Аляксандар Казулін пазбаўлены магчымасьці пагаварыць з бацькам і маці, сястрой і братам, але ў яго ёсьць магчымасьць пачуць галасы сваіх родных. Ірына Казуліна перадае просьбу мужа.

Ірына Казуліна: “Адзіны сродак інфармацыі – гэта “Радыё Свабода” Аляксандра перадаваў аграмаднае прывітаньне вашаму радыё, усім супрацоўнікам, і казаў, што для яго заўсёды такая радасьць слухаць радыё, чуць навіны. І кажа: “Калі я пачую па радыё галасы сваіх родных, у мяне такое ўражаньне, што мы паразмаўлялі”.

Падчас вячэры дыктафон “Свабоды” ляжыць на сьвяточным стале і працуе ў рэжыме запісу. Бацька Аляксандра Казуліна Уладзіслаў Аляксандравіч пэрыядычна бярэ яго і нібыта зьвяртаецца да сына.

Уладзіслаў Казулін: “Сашка! Калі ты мяне чуеш... Я ведаю: ты – марскі пяхотнік. Воўка – паветраны дэсантнік. Вы ўсё вытрымаеце. Ні на каго не трымай зла. Даруй ім усім. Я ведаю, як табе складана. Павер, нам з маці таксама вельмі цяжка. Але мы чакаем і дачакаемся цябе. Маці вельмі перажывала, мне было цяжка яе супакоіць. Але ў нас вялікая сям’я, і дзеці твае, і ўнукі мае, і праўнук – усе мы думаем пра цябе і дачакаемся з перамогай (воплескі).



На здымку: Уладзіслаў Казулін з дачкой Аленай

Згаданы Уладзіславам Казуліным ягоны праўнук гэтаксама Ўладзіслаў просіцца сказаць пра свайго дзеда.

Улад: “Я хачу, каб мой дзядуля хутчэй выйшаў, і каб Бог яму хутчэй дапамог...”



На здымку: Улад і пляменьніца Віка

Маці Аляксандра Казуліна Яўгенія Дудко, у мінулым настаўніца гісторыі, вельмі ганарыцца сваім сынам.

Яўгенія Дудко: “Я ніколі ня думала, што такое можа здарыцца з такім чалавекам, як мой сын. І калі ён галадаў, то мне асабліва, пачынаючы недзе з саракавога дня, напэўна я сябе адчувала, як і ён. Я нічога не магла ў рот узяць. Думаю: сын мой галадае, а я вось тут -- і не магу. Таму, хаця я і не аб’яўляла галадоўку, але фактычна я яго падтрымлівала сваёй любоўю да сына, бо я і зараз ніяк не магу згадзіцца з гэтым прысудам”.



На здымку: Яўгенія Дудко і Вольга Казуліна

У апошнія дні галадоўкі Аляксандар Казулін важыў 63 кіляграмы, цяпер ужо 86, і як сьведчыць Ірына Казуліна, выхад з галадоўкі быў вельмі цяжкім, і яму яшчэ спатрэбіцца некалькі месцаў, каб прыйсьці ў нармальную фізычную форму. Але нягледзячы на недамаганьне, Аляксандар Казулін ня страціў байцоўскага характару.

Ірына, Вольга і Юлія Казуліна не застаюцца без мужчынскай падтрымкі. Брат Аляксандра Уладзімер і муж сястры Алены гэтаксама Уладзімер заўсёды гатовыя дапамагчы. Вось і сёньня зяць замярае памеры сэкцыі – там разьбілася шкло, і яго трэба замяніць.



Уладзімер: “Трэба ж, няважна Саша тут ці не... Калі ён ня можа, чаму мне не дапамагчы. Я ж ў гэтай сям’і, і павінен дапамагаць”.

Але вернем за сьвяточны стол. За ім гавораць толькі пра доўгачаканае спатканьне. Юлія Казуліна не хавае эмоцый.

Юлія Казуліна: “Гэта мабыць, самая найлепшая і самая цікавая, яркая, самая-самая сустрэча з нашым бацькам. Мы не бачыліся амаль дзесяць месяцаў, і таму кожная хвілінка была для нас вельмі родная”.

І Юлія Казуліна, і яе стрыечная сястра Віка, – вучацца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, рэктарам якога калісьці быў Аляксандар Казулін. Пляменьніца Віка дэталёва распытвае сёстраў і цётку пра ўсе падрабязнасьці спатканьня.

Віка: “Дзядзька Саша – чалавек, які ў нашым сям’і заўсёды быў вялікім, дзякуючы той сіле,я кую ён заўсёды выпраменьваў. І ўся нашая сям’я атрымлівала тую энэргію, што ён выпраменьваў. Дзякуючы дзядзьку Сашу, напэўна, мы ўсе такія моцныя. Я веру і ведаю, што вельмі хутка ён будзе з намі, і мы ўсе будзем сядзець за сталом і будзем, як заўсёды, гаварыць трайное “ура”.

“Ура!” “Ура!” “Ура!”

Сёньня за сталом Казуліных кожная прамова ці тост заканчваліся гучным “Ура!” ці воплескамі, хаця сям’я экс-кандыдата ў прэзыдэнты і ўсьведамляе, што наперадзе яшчэ шмат цяжкасьцяў і дзён без яго. Аднак аптымізм і надзея не пакідаюць Казуліных.

Ірына Казуліна: “Калі мы ехалі дахаты, увесь час тэлефанавалі журналісты. І хтосьці зь іх папытаўся: “А калі ў вас наступнае доўгатэрміновае спатканьне? Я адказала, што я спадзяюся, што наступнае доўгатэрміновае спатканьне будзе ў нас дома і ўжо да канца жыцьця”.

XS
SM
MD
LG