Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вераць беларусы ў невытлумачальнае?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск У перадачах цыклю “Беларуская Атлянтыда” я неаднойчы зьвяртаўся да тэмы містычных уяўленьняў беларусаў. Ці прывіды, здані, пужалкі існуюць толькі ў фальклёры? А мо яны здараюцца і ў рэальнасьці? Ці ўласьцівая беларусам вера ў невытлумачальнае, фантастычнае?

Мы прывыклі, што шматлікія замкі, у якіх абавязкова жывуць прывіды, здані, пужалкі, – адзін з рамантычных вобразаў Ангельшчыны. Але, мяркую, што вера ў прывіды, у рамантычную казку характэрная для бальшыні народаў сьвету. Напэўна, не ў такой колькасьці, як у Ангельшчыне, але злыя нечысьці і добрыя прывіды вядуцца і ў Беларусі. Пра гэта сьведчыць і багатая міталягічная спадчына, і літаратура, у якой героі наведваюць іншыя сьветы, а затым вяртаюцца дадому.

Беларусь таксама колісь лічылася краінай замкаў, а дзе замкі, там і містыка. Тое-сёе захавалася і да нашых дзён.

Найбольш яскравы прыклад – Гальшанскі францысканскі кляштар XVII стагодзьдзя. Туды ў апошняе дзесяцігодзьдзе скіроўваюцца шматлікія экскурсіі. Перадусім для таго, каб калі ўжо не пабачыць, дык хоць бы пачуць шматлікія аповеды пра прывід, які блукае па сутарэньнях. Прывід, як цьвердзіць адна зь легендаў, маладой пані, замураванай у часе будаўніцтва жыўцом у мур.

Акулевіч: “Прайшлі стагодзьдзі. Разваліўся замак князёў Сапегаў. І толькі моцна стаіць будынак кляштару, таму што душа жанчыны па сёньняшні дзень ня можа зьмірыцца з той несправядлівасьцю. І часта можна чуць у гэтым будынку нечыя лёгкія крокі, цяжкія ўздыхі, якія разносяцца невядома зь якога кута. А каму-нікаму нават бачыўся від гэтай плывучай жанчыны”.

Гэта мне і майму калегу Ягору Маёрчыку расказвала дырэктарка Гальшанскай філіі Нацыянальнага музэю Беларусі Часлава Акулевіч.

А затым дазволіла нам заначаваць у залі, дзе звычайна і зьяўляецца прывід. Я нічога ня чуў і ня бачыў. А вось Ягор адчуў прысутнасьць нейкай незвычайнай асобы.

А сама Часлава Акулевіч, дырэктарка музэю, ці верыць у прывіды, і з самой ёй ці здаралася нешта падобнае?

Акулевіч: “Са мной толькі раз адбыўся жахлівы выпадак. Засталася я неяк увечары адна ў музэі. Думаю, пайду, пагляджу, ці выключыла сьвятло? На дварэ цёмна. Усё, што можна, гарыць. Са злосьцю ўсё выключаю. Падыходжу да аднаго пакойчыка. Толькі пацягнулася, каб выключыць адзін выключальнік, і раптам бачу, што чыясьці рука ў мяне на вачах гэта робіць за мяне. У мяне здранцьвелі ногі... Стаўлюся да гэтага па-рознаму. Калі з даверам, калі з усьмешкай, але заставацца адной у гэтым пакоі я не рызыкую”.

Між іншым, навукоўцы дасьледавалі гэты пакой, у якім наведнікі сутыкаліся з прывідам, і зафіксавалі моцнае магнітнае поле.

Зрэшты, справа кожнага чалавека, верыць ці не розным дзівосам. Але чалавек эмацыйны, уразьлівы, натуральна, мае права і на такую веру, асабліва калі гэта тычыцца гістарычнай і культурнай спадчыны Бацькаўшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG