Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская міліцыя верыць у бамжоў, а ня ў прывіды


Іна Студзінская, Гомель Апошнім часам ў Гомелі вакол прыватных дамоў на вуліцы Хатаевіча ходзіць шмат розных чутак з сэрыі “відавочнае-неймавернае”. Газэта “Комсомольская правда” в Беларуси” напісала артыкул, што там, у Гомелі на вуліцы Хатаевіча, прывід нападаў нават на міліцыянтаў. Што ж напраўду адбываецца?

У Цэнтральным райаддзеле гомельскай міліцыі сапраўды ёсьць заява жыхаркі з вуліцы Хатаевіча: увечары ў вокны стукае нехта невядомы. Да таго ж тэлепатычным чынам уключаўся тэлевізар.

Заяву загадвалі праверыць участковаму інспэктару Ўладзіславу Шукелю. На вуліцу Хатаевіча выяжджала таксама апэратыўна-сьледчая група з кінолягам і экспэртам-крыміналістам. Але нейкіх сьлядоў прысутнасьці здані міліцыянты не здабылі. Пабывала там і я.

Паўз выселеныя прыватныя дамы на вуліцы Хатаевіча імчаць у цэнтар гораду легкавікі ды аўтобусы. За жалезай брамай у доме №6 падае голас ня надта злосны дварняк.

У гэтыя дні на вуліцы Хатаевіча працуюць рабочыя спэцыялізаванага прадпрыемства “Палесьсе” – зносяць старыя драўляныя дамы ды шматлікія прыбудоўкі, каб пашырыць вуліцу і зьвязаць тралейбусным рухам 17-ы мікрараён з цэнтральнай часткай гораду.

Некалькі дамоў рабочыя ўжо зьнесьлі і сёньня ці заўтра пачнуць разьбіраць і дом №18, дзе нібыта й шкодзілі прывіды.

Сьлядоў прысутнасьці нейкіх зданяў ні рабочыя, ні я не заўважаем нават на чыстым сьнезе.

“Рыхтуем вуліцу пад аўтамагістраль. Пакуль зьнесьлі чатыры дамы. Бабайку ня бачылі”, – разьвесяліўся майстра Андрэй.

Вуліца носіць імя бальшавіцкага партыйнага дзеяча даваеннага часу Мэндэля Хатаевіча, рэпрэсаванага ў 1939 годзе. Таму трактарыст, схільны да прымхаў, выказвае мне сваё нечаканае меркаваньне:

Трактарыcт: “Можа быць, ходзіць дух гэтага Хатаевіча? А можа, барабашка які”?

Аднак бальшыня рабочых, што часта працуюць у гарадзкіх ламарнях, запэўніваюць мяне: няма тут нейкіх звышнатуральных зданяў.

Рабочы: “Каб пабачыў, то паверыў бы. А так – не! У Нова-Прудкоўскім завулку мы зносілі дамы, дык там бамжы жылі. Мы прыехалі, і яны сышлі”.

Жанчына з кандытарскай фабрыкі “Спартак”, што месьціцца на другім баку вуліцы Хатаевіча, жартуе наконт прывідаў:

Жанчына: “А-а, мы самі ў прывідах ужо ходзім. Можна верыць ува ўсё – і ў прывіды, і ў што хочаш”.

Пагутарыла я і з экспэртам-крыміналістам Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Уладзімерам Белавусам, які выяжджаў па выкліку на вуліцу Хатаевіча, каб паставіць кропку ў гісторыі з прывідамі:

Белавусаў: “Я думаю, гэта ўсё выдумкі. Там дамы на знос, дык, можа, які бомж і атабарыўся. Жыхары самі казалі, што нейкі мужчына неахайнага выгляду там бегаў, ня раз быў заўважаны, камяні кідаў, стукаў у вокны. Гэта ён, відаць, і быў. Так што ўсе гэтыя прывіды, падаецца, выдумкі поўныя”.
XS
SM
MD
LG