Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьне актывістаў "Маладога фронту". Кроніка падзеяў


Любоў Лунёва, Менск 16.30 Байцы спэцназу міліцыі затрымалі ў Менску каля 30 сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Гэта адбылося ў той час, калі праходзіла паседжаньне цэнтральнай рады арганізацыі ў кватэры на вуліцы Цнянскай. Сярод затрыманых – шмат непаўнагадовых.

19.30 Затрыманыя актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” усё яшчэ застаюцца ў пастарунку Савецкага РУУС. Ім удалося паведаміць Свабодзе, што сьледчыя патрабуюць ад актывістаў Зьмітра Хведарука і Яўгена Скрабутана прызнацца ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч ужо быў пакараны пазбаўленьнем волі паводле гэтага абвінавачаньня.

20.00 –22.00 Затрыманых выводзяць з аддзяленьня міліцыі ў аўтазакі. Актывістаў Зьмітра Хведарука і Яўгена Скрабутана асобна выводзяць супрацоўнікі КДБ. Як сьведчыць карэспандэнтка “Свабоды”, на галаве ў Зьмітра Хведарука быў мяшок.

Міліцыянты пераносяць у аўтазакі тры ўпакоўкі са сьвечкамі, якія маладафронтаўцы падрыхтавалі да акцыі, прысьвечанай Дню Сьвятога Валянціна, якая сёлета павінна прайсьці пад лёзунгам “Любові! Свабоды! Пераменаў!”

Непаўнагадовых Юлію Касьцюк, Алену Макарэвіч і Івана Шылу адпусьцілі без складаньня пратаколаў. Юліі Касьцюк міліцыянты паведамілі, што дашлюць адпаведны ліст адміністрацыі навучальнай установы, дзе яна вучыцца.

Адной дзяўчыне ў аўтазаку стала дрэнна, і ёй выклікалі “Хуткую дапамогу”.

А 22 гадзіне байцы спэцназу ў масках ўварваліся ў кватэру актывіста "Маладога фронту" Алега Корбана. Хлопца затрымалі і адвезьлі ў невядомым кірунку.

23.10 Усіх затрыманых актывістаў “Маладога фронту”, якія знаходзіліся ў міліцэйскім аўтазаку, адпусьцілі, у тым ліку і Яўгена Скрабутана, якога раней дапытвалі супрацоўнікі КДБ.

Цяпер на кватэрах кіраўнікоў рэгіянальных філій “Маладога фронту” ідуць ператрусы. Гэтаксама ператрус адбываецца ў кватэры Насты Палажанкі.

Невядомы лёс Алега Корбана і Зьмітра Хведарука. Іх паплечнікі будуць чакаць хлопцаў з раніцы 5 лютага ля будынку суду Савецкага раёну Менску. Калі іх не даставяць у суд, то моладзевыя актывісты мяркуюць, што супраць іх распачатая крымінальная справа за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, і іх трымаюць у сьледчым ізалятары.

Актывістаў “Маладога фронту” міліцыянты трымалі каля 7 гадзінаў. Пры гэтым бацькам непаўнагадовых актывістаў гаварылі, што іх дзяцей ніхто не затрымліваў, і яны могуць пакінуць пастарунак.

Здымак "Нашай Нівы"
XS
SM
MD
LG