Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Італіі пасьля забойства на стадыёне спыненыя ўсе футбольныя матчы


Валер Каліноўскі, Прага У Італіі спыненыя гульні нацыянальнага чэмпіянату па футболе, а таксама міжнародныя матчы. Прычына – агрэсіўныя паводзіны мясцовых футбольных фанатаў, з-за дзеяньняў якіх толькі за апошні тыдзень загінулі 2 чалавекі.

Італія ў сапраўдным шоку пасьля гвалтоўных падзеяў у сіцылійскім горадзе Катанія, дзе ўчора на стадыёне падчас матчу мясцовых футбалістаў з камандай Палерма выбухнулі масавыя беспарадкі. Агрэсіўныя мясцовыя заўзятары ўсчалі бойку з паліцыяй, і адзін зь іх кінуў самаробную бомбу ў паліцэйскую машыну. У выніку загінуў 38-гадовы паліцыянт Філіпа Расіці. Яго жонка засталася ўдавой, двое сыноў сталі сіратамі. У часе беспарадкаў шмат людзей было паранена. Паліцыя арыштавала 14 найбольш актыўных удзельнікаў сутыкненьняў.

Тыдзень таму ў гэтым самым горадзе памёр кіраўнік мясцовага аматарскага футбольнага клюбу, пасьля таго як яму ў галаву ўдарыў фан іншай каманды.

Італьянскае выданьне “Gazzetta dello Sport” сёньня ў рэдакцыйным артыкуле назвала ўчарашнія падзеі сорамам ня толькі для заўзятараў, але і для нацыі ў цэлым, якая ня можа спыніць агрэсію ў падлеткавым асяродзьдзі. Найбольш небясьпечны аспэкт гэтых падзеяў у тым, што фанаты адмыслова рыхтаваліся да правакацыяў і гвалту ды прынеслі з сабою самаробныя бомбы.

Пятнічны матч у Катаніі так і ня быў дагуляны, яго спынілі адразу пасьля таго як на поле трапіў сьлезацечны газ, ужыты паліцыяй.

Пасьля інцыдэнту адбыліся тэрміновыя перамовы кіраўнікоў міністэрства спорту Італіі, Нацынальнага алімпійскага камітэту і футбольнай фэдэрацыі, якія вырашылі прыпыніць правядзеньне ўсіх футбольных матчаў у краіне, як прафэсійных, гэтак і аматарскіх. Не адбудзецца таксама таварыская сустрэча нацыянальных зборных Італіі і Румыніі, якая плянавалася на наступны тыдзень.

У нядзелю Нацыянальны алімпійскі камітэт Італіі правядзе тэрміновую нараду з мэтай абмеркаваньня захадаў, неабходных для навядзеньня парадку на стадыёнах. Прэзыдэнта футбольнай фэдэрацыі Італіі Люку Панкалі ў панядзелак прыме прэм’ер-міністар краіны Рамана Продзі.

Агулам з 1962 году падчас хваляваньняў на футбольных стадыёнах у Італіі загінула 12 чалавек.

На здымку: параненага паліцыянта адвозяць са стадыёну ў Катаніі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG