Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец атрымаў адпачынак


Радыё Свабода Палітвязень Павал Севярынец, які працуе на так званай “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна, атрымаў чатырохдзённы адпачынак. Сёньня ён прыехаў у Віцебск, дзе жывуць яго бацькі.

Днямі кіраўніцтва спэцкамэндатуры паведаміла Паўлу, што 15 лютага будзе разглядацца пытаньне аб ягоным умоўна датэрміновым вызваленьні. Хаця палітык і ня мае парушэньняў рэжыму і працоўнай дысцыпліны, сам ён скептычна ставіцца да магчымасьці атрымаць свабоду. У той жа час, паводле Паўла, у яго кволіцца надзея на вызваленьне. Яна грунтуецца на памкненьні ўладаў усталяваць дачыненьні з дэмакратычнымі краінамі. А першым крокам на гэтым шляху мусіць стаць вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

Нагадаем, што Павал Севярынец патрапіў на “хімію” за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму. З двух гадоў, вызначаных судовай пастановай, ён ужо адбыў на “хіміі” сямнаццаць з паловай месяцаў.

На высланьні палітык не спыняе сваёй актыўнай грамадзкай дзейнасьці. У прыватнасьці, ён дасьледуе гісторыю замка Сітна, збудаванага ў ХVI стагодзьдзі. Пасьля таго, як мясцовыя ўлады падтрымалі ягоную ініцыятыву ўсталяваць на замчышчы памятны знак, Павал вырашыў зрабіць копію старажытнай гравюры з выяваю замка, каб перадаць яе Маласітненскай вясковай бібліятэцы. Палітык спадзяецца, што ў гэтай справе яму дапамогуць адмыслоўцы – мастакі й фотамайстры.
XS
SM
MD
LG