Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аргкамітэт у сьвяткаваньні 25 сакавіка накіруе ліст Аляксандру Лукашэнку


Алесь Дашчынскі, Менск На паседжаньні аргкамітэту ў справе сьвяткаваньня дня Незалежнасьці 25 сакавіка прынятае рашэньне аб правядзеньні мітынгу і канцэрту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. У склад аргкамітэту сьвяткаваньня дня Незалежнасьці ўваходзіць бальшыня суб’ектаў дэмакратычнай кааліцыі, а таксама прадстаўнікі грамадзкіх структураў і дзеячы культуры.

Паводле старшыні аргкамітэту, лідэра партыі БНФ Вінцука Вячоркі, ужо канчаткова зацьверджаныя тэксты звароту да беларускага грамадзтва, да міжнароднай супольнасьці і тэкст ліста да Аляксандра Лукашэнкі.

Вячорка: “І такім чынам, мы будзем ажыцьцяўляць канцэпцыю адзначэньня 25-га сакавіка ў новых унутраных і зьнешнепалітычных умовах. Калі на словах цяперашняя ўлада сьцьвярджае, што незалежнасьць для яе ёсьць каштоўнасьцю, і калі на словах яна сьцьвярджае, што хацела б распачаць дыялёг з дэмакратычнай Эўропай, якраз 25 сакавіка дае такую нагоду: даць афіцыйны дазвол на правядзеньне сьвяточных імпрэзаў – шэсьця, мітынгу, канцэрту – у цэнтры нашай сталіцы. Гэта было б рэальным крокам, які б паказаў, што ўлада ня хлусіць, а словы ў яе не разыходзяцца з чынам”.

Менавіта гэтыя тэзы ўтрымліваюцца ў лісьце аргкамітэту да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Чым жа сёлетняе сьвяткаваньне 25 сакавіка будзе адрозьнівацца ад мінулагодніх?

Вячорка: “У першую чаргу тым, што і падрыхтоўка да адзначэньня дня Незалежнасьці і само яго правядзеньне павінны служыць нагодай для пасланьня беларускаму народу. Гэта прапанова выйсьця з таго тупіку ці ўнікненьня той пагрозы, пад якой цяпер беларуская незалежнасьць знаходзіцца. А выйсьце ў тэрміновых, неадкладных кроках для дэмакратызацыі сытуацыі ў краіне. Беларускі народ, улады маюць пасланьне ад Эўрапейскай камісіі, дзе пералічаюцца ўсе тыя карысьці, даброты, матэрыяльныя здабыткі, якімі Беларусь зможа карыстацца, але ў тым выпадку, калі пачне выконваць дэмакратычныя пераўтварэньні”.

Паводле спадара Вячоркі, і Кангрэс дэмакратычных сілаў, які прызначаны на 17 сакавіка, і сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці мусяць быць скіраваны на ўзвышэньне голасу за патрабаваньні дэмакратызацыі і ўратаваньня незалежнасьці.

У паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня 25 сакавіка ўзялі ўдзел прадстаўнікі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сацыял-дэмакратаў, каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў, незарэгістраваных арганізацый “Малады Фронт”, “Правы Альянс” і партыі Свабоды і прагрэсу, а таксама Аляксандар Мілінкевіч і прадстаўнік Аляксандра Казуліна.
XS
SM
MD
LG