Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 27.01.2007–02.02.2007


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Я ня ведаю, нават. І так цяжка, а калі яшчэ падымуць, ды і ўвогуле. Але што рабіць? Нічога ня зробіш. Нікуды ня дзенесься з падводнай лодкі”.

Менчанка ў адказ на пытаньне “Свабоды” “Якое падвышэньне камунальных плацяжоў здольны вытрымаць ваш сямейны бюджэт?”

"Прэзыдэнтам прынятае рашэньне аб пабудове АЭС"

Сяргей Сідорскі, прэм’ер-міністар Беларусі – з выступу на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным дню навукі

"Магчыма, што зьбіраюцца выпусьціць кагосьці з палітвязьняў. Каб задобрыць Эўропу, найперш Нямеччыну. Верагодна, разглядаецца і мой варыянт, але, скажу шчыра, я б не хацеў, каб мяне гэтак скарысталі. Цяпер цяжэй Казуліну, ён больш атрымаў, вось хай вызваляюць яго, а мне засталося паўгоду, і я не хачу быць цацкай у гэтых гульнях".

Мікола Статкевіч, сацыял-дэмакратычны палітык, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну.

“Аляксандар Рыгоравіч робіць многа заяваў, а потым высьвятляецца, што яны не адпавядаюць рэальнасьці — дык што мы, будзем камэнтаваць усе заявы? Мы вядзем бізнэс і дамаўляемся зь беларускім бокам. Калі нас задавальняюць умовы, мы вядзем бізнэс, калі не, то не”.

Дзьмітры Далгоў, афіцыйны прадстаўнік кампаніі “Лукойл” – пра заявы Аляксандра Лукашэнкі аб умовах працы ў Беларусі расейскіх нафтавых кампаніяў.

“Я мяркую, што рабочыя ня скардзяцца, бо крэдыты бяруць, але каб заробак выплаціць. Мы ж не вінаватыя, мы ж цукар выпусьцілі”.

Тацяна, супрацоўніца адміністрацыі цукровага заводу ў Гарадзеі – пра скарачэньне паставак цукру ў Расею.

“Я згодны зь любой свабодай журналіста”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас сустрэчы з кіраўніком вугорскай кампартыі Дзюлам Цюрмэрам.

“Беларусь больш ня можа “ашалела бегчы ў Расею” з той прычыны, што расейскае кіраўніцтва гэтага ня хоча”.

“Беларусь пачынаюць душыць, травіць, з нас проста зьдзекуюцца – вы бачыце, што сёньня адбываецца ў СМІ. Але яны гэта робяць на загад з Крамля”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас сустрэчы з кіраўніком расейскай кампартыі Генадзем Зюганавым.

“Беларускі ўрад, аўтарытарны лідэр Лукашэнка пераклалі гэтыя выдаткі на расейскіх алігархаў. Мы іх надурылі — Фрадкова і Пуціна. Нічога яны з намі не зрабілі”.

Леанід Заіка, кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” – пра захаваньне цаны паставак нафты ў Беларусь нягледзячы на ўвядзеньне экспартнага мыта.

"Лукашэнка павінен канкрэтнымі ўчынкамі даказваць сур''ёзнасьць сваіх намераў адносна супрацоўніцтва з Эўропай. Падобныя заявы не павінны гучаць толькі ў зьвязку з тым, што ў беларускага кіраўніцтва цяпер абвастрыліся дачыненьні з Масквой. Лукашэнка мусіць вызваліць усіх палітзьняволеных, перадусім Казуліна. Гэтага мы не пакінем без увагі. Таксама мы будзем патрабаваць ад Лукашэнкі гарантаваць свабоду СМІ і правесьці вольныя і празрыстыя выбары ў будучыні. Пакуль гэтых крокаў ня будзе, гэта ўсё пустыя словы на паперы".

Рупрэхт Поленц, старшыня камітэту Бундэстагу па міжнародных справах – наконт заяваў Лукашэнкі аб намеры супрацоўнічаць з Эўразьвязам.

“Нам ня варта ні ў якім разе гнацца за прывідамі, верыць у адраджэньне саюза. Трэба мераць усё па ўласнай кішэні, а інтэграцыйныя праекты з прымесьсю альтруізму пакінуць да лепшых часоў”.

Валеры Фёдараў, генэральны дырэктар Усерасейскага цэнтра вывучэньня грамадзкай думкі – з артыкулу ў “Российской газете” пра ацэнкі расейцамі беларуска-расейскага канфлікту.

“Эўразьвяз апынуўся перад дылемай: працягнуць руку дыктатару, які зьнішчае дэмакратыю, каб ратаваць незалежную Беларусь, ці пагадзіцца на “дэмакратызацыю” Беларусі пры дапамозе Крамля. Польшча, як сусед Беларусі і краіна, якая хоча ўплываць на ўсходнюю палітыку Эўразьвязу, павінна знайсьці адказ на гэтае пытаньне раней, чым Брусэль”.

Яцэк Паўліцкі – з артыкулу ў газэце “Gazeta Wyborcza” “Пакт з д’яблам у імя свабоднай Беларусі”.

“Куры, гэта як кожная сьвядомая дзейнасьць чалавека, накіраваная на разьвіцьцё інтэлекту. Адпачываючы ад мастацтва, я займаюся курамі. Гэта вельмі цікава. Ніхто ня ведае, што я раблю, а куры гэта куры”.

Лёнік Тарасэвіч, вядомы польскі мастак беларускага паходжаньня, а таксама куравод.

“Трэба вучыцца жыць цывілізавана. А так — мы яшчэ калгасьнікі, лічым: тое, што ў калгасе — то маё, і можна ім карыстацца без дазволу і, галоўнае, бясплатна. Гэта рудымэнты савецкага мысьленьня”.

Аляксей Дудараў, драматург – пра стан аховы аўтарскіх правоў і інтэлектуальнай уласнасьці ў Беларусі.

“Расея ня можа бясконца й маштабна фундаваць эканомікі суседніх транзытных краінаў — і будзе пераходзіць на рынкавыя стасункі. Мы робім гэта ў мяккім рэжыме, спакойна, у саюзьніцкім стылі. Але мы ня можам рабіць усяго адразу, і ва Ўкраіне, і ў Беларусі — мы не маглі адкрыць баявых дзеяньняў на ўсіх франтах. А па-другое, скажу шчыра, мы не жадалі шкодзіць дзейнаму прэзыдэнту Беларусі летась — у зьвязку з палітычнымі падзеямі, у тым ліку і з выбарамі. Мы не хацелі ствараць яму праблемаў”.

"Мы неаднаразова чулі ад беларускага кіраўніцтва, што беларускаму боку імпанавала б аб''яднаньне паводле савецкага ўзору. Давайце скажам шчыра, што такое паводле савецкага ўзору? Савецкі Саюз быў супэрцэнтралізаванай краінай. Там на паперы былі нейкія правы ў савецкіх рэспублік, але ў жыцьці нічога такога не было. Таму калі мы гэта пачулі, мы сказалі: "Давайце тады інтэгравацца ў Расейскую Фэдэрацыю". Адразу пасьля гэтага мы пачулі іншую пазыцыю, што трэба бараніць сувэрэнітэт. Мы і з гэтым згодныя. Мы гатовыя ісьці гэтым шляхам, калі суб''екты саюзнай дзяржавы будуць валодаць поўным ці няпоўным сувэрэнітэтам... Я тады прапанаваў: "Давайце шляхам Эўразьвязу". "Гэтага недастаткова. Трэба, каб аб''яднаньне было больш глыбокім"... Нам трэба знайсьці якая форма нас задаволіла б".

“Зь Беларусьсю мы маем працягваць будаўніцтва саюзнай дзяржавы".

"Мы разьлічваем, што ў выхадзе на адзіную валюту яшчэ ня ўсё згублена. Я ўпэўнены, што нашы беларускія партнэры ў стане прааналізаваць рэчаіснасьць, у стане зразумець надзейнасьць расейскай эканомікі й расейскай валюты”.

Уладзімер Пуцін, прэзыдэнт Расеі – з заяваў падчас прэсавай канфэрэнцыі.

"23 лістапада Лукашэнка афіцыйна сказаў, пацьвердзіў, што ён сфальсыфікаваў прэзыдэнцкія выбары... Наша партыя падала ў Вярхоўны суд аб узбуджэньні крымінальнай справы, суд адмовіў. Хто камэнтуе гэта ўсё? Дзе тая незалежная прэса? Незалежная прэса так званая зьмяшчае на першай старонцы вялікі партрэт Лукашэнкі – "Паварот"! Ніякага "павароту" няма. Паварот толькі да магілы”.

Зянон Пазьняк, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ – пра адмову партыі ў зыску ў Вярхоўны суд і пра публікацыю ў “Нашай ніве” аб зьмене дзяржаўнай палітыкі Беларусі.

"Шмат прадстаўнікоў беларускай апазыцыі жывуць у сьвеце ілюзіяў, і я мяркую, што іх уласная палітычная кар''ера і скончыцца ў гэтым сьвеце”.

“Таму што Беларусь сёньня , як шмат у чым і Ўкраіна, гэта не незалежная дзяржава – гэта энэргетычная калёнія Расеі”.

Віталь Портнікаў, палітычны аналітык – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“У беларускага насельніцтва склалася няправільнае стаўленьне да алькаголю".

Уладзімер Максімчук, галоўны нарколяг Беларусі.
XS
SM
MD
LG