Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: агляд тыдня


Алег Грузьдзіловіч, Менск Праваабаронца Кацярына Садоўская ўпершыню пасьля арышту сустрэлася ў калёніі са сваякамі. Актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч на “хіміі” паглядзеў фільм Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. Як “хімік” Мікалай Статкевіч ратуецца ад маразоў у майстэрні, якая не ацяпляецца?

Муж і сын Кацярыны Садоўскай сустрэліся зь ёй у Гомельскай жаночай калёніі, дзе ўтрымліваюць вядомую праваабаронцу. Віктар Садоўскі распавёў апошнія навіны з турэмнага жыцьця жонкі. Нядаўна ў шпіталі жанчыне зрабілі анкалягічную апэрацыю, другую па ліку. Але на волю пасьля гэтага ня выпусьцілі і нават не пакінулі далечвацца ў шпіталі, а хутка адвезьлі ў калёнію. Аднак саму апэрацыю Кацярына Садоўская лічыць пасьпяховай, бо кажа, што ёй стала лепш. Вось што праваабаронца распавяла мужу пра ўмовы, у якіх знаходзіцца:

Садоўскі: “У турэмным пакоі, дзе яна жыве, 54 чалавекі. Распавяла, як дзьве жанчыны ўпалі, страціўшы прытомнасьць, калі даведаліся, што арыштавалі іх сваякоў. На Пятроўну быццам ня ціснуць. Прасіла, каб даслаў ёй газэт. Вось купіў і вышлю”.

Паводле зьвестак Кацярыны Садоўскай, пры канцы красавіка,магчыма, будзе разгледжана пытаньне пра яе ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

Актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч, які атрымаў “хімію” за палітычныя графіці і адбывае пакараньне ў Магілёве, меў спатканьне з маці. У пакой інтэрнату, дзе вымушаны жыць Фінькевіч, ягоную маці не пусьцілі, сустрэча праходзіла ў калідоры. Другой важнай падзеяй тыдня юнак назваў тое, што яму ўдалося паглядзець фільм Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, прысьвечаны абаронцам лягеру на Кастрычніцкай плошчы летась у сакавіку. Дзе, пры якіх абставінах Артур паглядзеў фактычна забаронены ўладамі фільм, ён ня кажа. Фільм яму спадабаўся, хаця ёсьць да аўтара і заўвагі.

Фінькевіч: “Нармальныя ўражаньні. Хаця фільм, канешне, не зусім радыкальны, мог бы быць і больш рашучы, як аўтар гэта звычайна робіць, больш радыкальна”.

Яшчэ адзін пакараны “хіміяй” апазыцыянэр, Мікалай Статкевіч, вярнуўся пасьля кароткага адпачынку у спэцкамэндатуру вёскі Блонь Пухавіцкага раёну і працягвае штодня працаваць у майстэрні на рамонце электрычнага абсталяваньня. Ад марозу ў калгаснай майстэрні ратуюцца з дапамогай мэталічнай печкі, а вось у пакоі, дзе працуе лідэр сацыял-дэмакратаў, нават печкі няма. Як апазыцыянэр выходзіць са складанага становішча?

Статкевіч: “Купіў і паставіў сабе цеплавэнтылятар. Безумоўна, ён ня ў стане абагрэць увесь гэты вялікі пакой, але ёсьць нейкая лякальная зона, каб не замярзаць. Як кажуць, можна цярпець. Іншае выйсьце – больш займацца спортам. Ёсьць яшчэ адзін пакой, фактычна прыстасаваны пад спартовую залю”.

Бацькі Зьмітра Дашкевіча паведамляюць, што за некалькі дзён атрымалі адразу чатыры ліста ад сына, напісаныя яшчэ у пачатку студзеня. Такім чынам, да іх у райцэнтар Крупкі са Шклову, дзе трымаюць Зьмітра, некаторыя ягоныя лісты ішлі месяц. Бацькі лідэра “Маладога фронту” тлумачаць затрымкі “надзвычайнай пільнасьцю турэмнай цэнзуры”.

Ірына Казуліна пасьля трохдзённага спатканьня з мужам у віцебскай калёніі правяла прэсавую канфэрэнцыю, на якой стала вядома, што ў Аляксандра Казуліна ўжо ёсьць прынамсі два дысцыплінарных спагнаньня. Адно за тое, што хадзіў па калёніі ў красоўках, хаця іншага абутку тады яму проста ня выдалі. Другое атрымаў нібыта з-за канфлікту з ахоўнікам. Усе падрабязнасьці жонцы палітыка невядомы, бо Казулін ня любіць скардзіцца, але вядома, што гэта адбылося ў самыя складаныя дні ягонай 53-дзённай галадоўкі.
XS
SM
MD
LG