Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Беленькі: "Культура – ня толькі адпачынак для душы, але і крыніца натхненьня для палітычнай дзейнасьці".


Караткевіч Вольга, Прага Госьць "Начной Свабоды" -- намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі.

Караткевіч: "Што вы звычайна робіце ў такую начную пару? Вы начны чалавек?"

Беленькі: "Так. Цяпер часьцей за ўсё па начах я чытаю. А калі вяртацца ў маленства, то я звычайна займаўся фатаграфіяй. Тады не было яшчэ ні лічбавых апаратаў, ні каляровых стужак. Каб рабіць фатаграфіі, трэба было знайсьці цёмнае месца – а прасьцей за ўсё гэта было ўначы".

Караткевіч: "Вы прафэсійны фінансіст. Скажыце, як трэба ставіцца да грошай?"

Беленькі: "З душой, розумам і адказнасьцю. У грошы як у любы інтэлектуальны твор укладзена душа людзей. Таму адпаведна да іх і трэба ставіцца. Ведаеце, часам грошы параўноўваюць, напрыклад, з нажом альбо сякерай – сякерай можна забіць альбо збудаваць дом. Так і грошы – нясуць стваральную функцыю, але часам “людзі гінуць за мэтал”. Таму я прапаноўваю ў грошы ўкладаць найперш станоўчае".

Караткевіч: "Камэнтуючы апошнія выказваньні расейскага прэзыдэнта Пуціна, вы сказалі вобразна – “Беларусь не павінна стаць угнаеньнем для расейскага нацыянальнага інтарэсу” Якія пляны партыі КХП БНФ у процідзеяньні інтэграцыйным працэсам?"

Беленькі: "Найперш гэта палітычнае інфармаваньне грамадзтва. Чорныя справы, якія робяцца на целе Беларусі, магчымыя толькі таму, што ў бальшыні грамадзтва заплюшчаныя вочы. Людзі ня бачаць рэальны стан рэчаў. Колькі, памятаю, нам давялося тлумачыць грамадзтву пасьля першай “газавай вайны”, што гэта толькі тэатар, дзе ня вельмі добрыя гульцы згулялі сваю парцейку. Сёньня Пуцін пацьвердзіў, што Расея зрабіла ўсё, каб прыйшоў да ўлады Лукашэнка.

На гэтым фоне зусім па-іншаму выглядаюць заявы некаторых палітыкаў беларускіх, якія заяўлялі, што іх падтрымалі ў Маскве".

Караткевіч: "Расейскі палітоляг Сяргей Караганаў нядаўна заявіў, што Расеі трэба гадаваць у Беларусі прарасейскую эліту. Рэакцыя на гэта выказваньне сярод беларускіх палітыкаў была даволі слабая. Ваш камэнтар".

Беленькі: "Сапраўды, пра гэта гавораць ужо ня адзін раз. І нядаўна амэрыканскі палітоляг Арыэль Коэн сказаў, што ў Масквы ўжо ёсьць некалькі кандыдатаў на гэтую ролю..."

Караткевіч: "Вы можаце ўдакладніць, якія прозьвішчы?"

Беленькі: "Гэта тыя людзі, якія пастаянна езьдзяць у Маскву. Беларускія газэты ня раз пісалі гады 2 таму пра паездкі беларускіх апазыцыянэраў у Маскву на сустрэчы ў СВОП (Совет внешней и оборонной политики) Расеі, які складаецца ў асноўным з прадстаўнікоў спэцслужбаў. Туды езьдзілі практычна ўсе апазыцыянэры, чыя прозьвішчы на слыху (Вячорка, Лябедзька, ды іншыя). Мы памятаем таксама, што падчас кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў і спадар Мілінкевіч езьдзіў у Маскву".

Караткевіч: "Але ўсе гэтыя палітыкі выступаюць за поўны сувэрэнітэт Беларусі і за нармальныя добрасуседзкія адносіны з Расеяй.."

Беленькі: "Выступаць – адно, рабіць справу – іншае. У Бібліі сказана – “па справах іх пазнаеце іх”. Навошта езьдзіць і весьці кансультацыі са структурай, якая складаецца з прадстаўнікоў спэцслужбаў?"

Караткевіч: "З якімі іншымі партыямі і рухамі супрацоўнічае Кансэрватыўна-Хрысьціянская БНФ?"

Беленькі: "Наша супрацоўніцтва палягае найперш з беларускімі грамадзянамі".

Караткевіч: "Што з беларускай культуры, літаратуры, музыкі вам падабаецца, на што хапае часу?"

Беленькі: "Я зь дзяцінства пачуваў сябе беларусам, і маё чытаньне складалася найперш з беларускіх кніжак. Яшчэ ў юнацтве я прачытаў усяго выдадзенага на той час Быкава. Час ад часу знаходзіш у беларускіх пісьменьнікаў адказы на многія пытаньні. Вось апошняе даволі цынічнае выказваньне спадара Пуціна наконт Беларусі – у Ніла Гілевіча ёсьць кароценькі верш. Які называецца “Нашэсьце “скіфаў” на Беларусь”. “Нарэшце, Госпадзе Ісусе! -- гукнулі скіфы, як адзін, Нарэшце ў сытай Беларусі мы і пап’ем, і паядзім”. Гэты верш адказвае, хто сёньня мае ўладу і адкуль яны прыйшлі. Так што для мяне культура – ня толькі адпачынак для душы, але і крыніца натхненьня для палітычнай дзейнасьці".
XS
SM
MD
LG