Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 2 лютага


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by сёньня нямала камэнтароў сабрала заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь павінна стаць касьмічнай дзяржавай.

“Дарагі наш чалавек хоць уяўляе сабе, колькі каштуе будаўніцтва цэнтру кіраваньня палётамі?.. Дый дзеля чаго?”

“Хутка нашыя навукоўцы вынайдуць эфэктыўнае альтэрнатыўнае паліва, вось тады ракета на дровах на арбіту з паўузбрыка ўзьляціць. Шкада толькі, атмасфэру крыху забрудзіць выхлапнымі газамі…”

“Чакайце новага падатку “на разьвіцьцё касьмічнай гаспадаркі”.

“Перапрафілюем Дзяржынскую фабрыку па выпуску мужчынскіх кашуляў на выпуск скафандраў, а МТЗ – на выпуск марсаходаў”.

А вось былы дэпутат Бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір у сваім блогу зьмясьціў такую навіну: тры простыя бабруйскія дзяўчынкі са студыі славянскай моды “Этнас” так закахаліся ў Аляксандра Лукашэнку, што вышылі для яго кашулю. “У нашых продкаў існаваў звычай: калі дзяўчына сваімі рукамі вышывала хлопцу кашулю зь любоўю ды сьветлымі думкамі, дык такая кашуля служыла яе абраньніку абярэгам, – апавядаюць дзяўчаты. – Ня пэўная, што прэзыдэнт будзе насіць гэтую кашулю ўвесь час, але спадзяюся, што зь нейкіх нагодаў ён будзе яе надзяваць”.

Сайт фотакаляжаў "Беларуская жаба" зьмясьціў рэальны фотаздымак, зроблены ва Ўнівэрсітэце культуры. На здымку – стэнд БРСМ. А на тым стэндзе прымацаваныя два каляжы зь “Беларускай жабы”, у тым ліку вядомы твор “СБ – шукай у сьметніцах твайго гораду”. Каляжы пратрымаліся на стэндзе ажно два тыдні й ніхто не зьвяртаў на іх увагі…

На бігбордах на вуліцах гарадоў Беларусі можна пабачыць сацыяльную рэкляму “Праца за мяжой можа стаць нявольніцтвам". Літаратар Павал Анціпаў у сваім блогу напісаў такі афарызм: “Праца за мяжой можа стаць нявольніцтвам. Нявольніцтва на радзіме ня можа стаць працай”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG