Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Масква адмовілася ад арыентацыі на "прарасейскіх" палітыкаў у СНД..."


Валер Карбалевіч, Менск Экспэртыза Свабоды Эфір 1 лютага Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Валер Карбалевіч: “Пасьля інтэрвію беларускага кіраўніка нямецкай газэце “Die Welt”, вельмі жорсткіх і ў нечым беспрэцэдэнтных выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас кіраўніцтва Расеі падчас ягонай сустрэчы зь Зюганавым, усе чакалі, што на прэсавай канфэрэнцыі Ўладзімер Пуцін адкажа так жа моцна. Тым больш, што і сярод расейскай палітычнай эліты экспэртаў было шмат крытыкі за камэрцыйны падыход да дачыненьняў зь Беларусьсю.

Але расейскі прэзыдэнт падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў сваім стылі спакойна паўтарыў сваю ранейшую пазыцыю па дачыненьнях зь Беларусьсю. Чаму Пуцін ня стаў увязвацца ў палеміку?

Кірыл Коктыш: “Найперш Расея ня хоча палітызаваць дачыненьняў зь Беларусьсю. Пуцін даводзіць, што цяперашнія спрэчкі ў нафтагазавых пытаньнях маюць эканамічны грунт.

А Лукашэнка наадварот — будзе намагацца палітызаваць канфлікт, прэзэнтаваць яго як спробу Расеі паглынуць Беларусь ці спробу пакараць Беларусь за яе рух на Захад. Калі б Пуцін адказаў Лукашэнку ў ягоным стылі, то згуляў бы на карысьць апошняга й пачалася б звычайная лаянка. А так словы беларускага кіраўніка прагучалі ў пустэчу”.

Андрэй Фёдараў: “Нельга казаць, што Расея выглядае вельмі моцнай у гэтым канфлікце, каб дазволіць сабе не рэагаваць на жорсткую крытыку. Але спакойны тон Пуціна вельмі добра ўплывае на аўдыторыю — расейскую, беларускую, замежную”.

Карбалевіч: “Уладзімер Пуцін адзначыў, што пераход да рынкавых дачыненьняў з суседзямі, нават з тымі, зь якімі Расею зьвязваюць саюзныя стасункі — гэта стратэгічная лінія расейскай палітыкі. Прычым, кіраўнік Расеі настойліва падкрэсьліваў, што гэты пераход ажыцьцяўляецца мякка, расьцягнуты на чатыры гады. Як вы пракамэнтуеце гэта?”

Коктыш: “Гэтая стратэгічная лінія пачалася пасьля памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Пасьля яе Масква адмовілася ад ідэі арыентацыі на прарасейскую эліту ў краінах СНД. Бо гэтая “прарасейскасьць” была сродкам выцягваньня грошай з Масквы, але наўзамен нічога не гарантавала. Таму цяпер Расея арыентуецца не на прарасейскія, а на адказныя эліты, якія маглі б быць адказнымі партнэрамі, зь якімі можна было б працаваць на празрыстых узаемавыгадных асновах. Але ж дачыненьні зь Беларусьсю і Ўкраінай заўсёды будуць для Расеі на асобным месцы. Яны будуць больш шчыльнымі й сяброўскімі”.

Фёдараў: “Падаецца, што гэтая новая стратэгічная лінія Расеі вымушаная. Сапраўды, шмат гадоў Масква датавала суседнія краіны й разьлічвала, што тыя будуць лічыць Расею “старэйшым братам”. Але гэтага не адбывалася. Таму падчас кіраваньня Пуціна Масква перайшлі на новы курс.

Мне не спадабаліся словы Пуціна пра тое, што мы зь беларусамі амаль адзін народ, таму мы павінны быць разам. Тут працягвае існаваньне сындром “старэйшага брата”.

Карбалевіч: “У кантэксьце пераходу Расеі на рынкавыя дачыненьні зь Беларусьсю як зь незалежнай краінай, здавалася б, размовы пра далейшае будаўніцтва саюзнай дзяржавы выглядаюць трохі штучна. Тым ня менш, Пуцін апавядаў пра гэтае будаўніцтва, пра агульную валюту — як бы нічога не адбылося. А пры адказе на пытаньне беларускай журналісткі зноў паўтарыў тыя старыя разыходжаньні з Лукашэнкам — наконт рознага бачаньня далейшай інтэграцыі. Чаму працягваецца гэткая рыторыка?”

Коктыш: “Ідэя будаўніцтва саюзнай дзяржавы папулярная ў Расеі. Паводле апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў, 64% расейцаў падтрымліваюць тую ці іншую форму саюзу зь Беларусьсю. Пры гэтым зусім не абавязкова прадугледжваецца, што ў такім саюзе Беларусь страціць сувэрэнітэт.

Таксама і Лукашэнка ніколі не адмовіцца ад ідэі саюзу з Расеяй, бо гэта адзіны інструмэнт, з дапамогаю якога ён можа ўплываць на Расею. Таму калі Лукашэнка будзе казаць, што ён за саюз, а Расея будзе супраць, то палітычныя дывідэнды атрымае беларускі лідэр.

Таму Расея будзе ў гэтым пытаньні максымальна гнуткай. Яна будзе падштурхоўваць Беларусь да канкрэтыкі ў гэтым пытаньні. Якім павінен быць гэты саюз? Ці гэта Эўразьвяз? Ці яго ствараць паводле мадэлі, напрыклад, швайцарскай канфэдэрацыі?

Пра гэта можна дамаўляцца на працягу дваццацці-шасьцідзесяці гадоў. Напрыклад, Эўразьвяз да палітычнай інтэграцыі падышоў амаль празь пяцьдзясят гадоў пасьля стварэньня арганізацыі. Дарэчы, гэтая ідэя інтэграцыі кладзецца на спрыяльную глебу. Паводле сацыялягічных апытаньняў, 60% беларусаў выступаюць за інтэграцыю як з Расеяй, так і з Эўразьвязам”.

Фёдараў: “Сапраўды, у пэрыяд электаральных кампаніяў Пуцін ня можа адмовіцца ад ідэі інтэграцыі з Беларусьсю, бо расейскае грамадзтва яго не зразумее. Таму прэзыдэнт РФ перакідвае мячык на беларускі бок. Але я ня думаю, што ідэя інкарпарацыі Беларусі цалкам адкінутая ў Маскве. Калі пачытаць артыкулы шмат якіх расейскіх палітолягаў (напрыклад, Маркава), то яны распрацоўваюць варыянты, каб прывязаць Беларусь да Расеі. Асабліва, калі ў Беларусі пачнуцца пэўныя цяжкасьці”.

Коктыш: “Пуцін зыходзіць з таго, што Расея можа сапсаваць дачыненьні з Лукашэнкам, але ня можа сапсаваць стасункаў зь беларускім народам”.

Фёдараў: “Але сёньня Пуцін нагадаў, як Расея падтрымала Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, бо ня хоча зьменаў у нашай краіне”.

Коктыш: “Здаецца, Расея зьбіраецца перафармуляваць палітыку адносна Беларусі. Шмат якія кірункі будуць перагледжаныя”.

Карбалевіч: “Такім чынам, з прэсавай канфэрэнцыі Пуціна вынікае, што, нягледзячы на саюзную рыторыку, беларуска-расейскія дачыненьні давядзецца фармаваць у новых умовах, паступовага пераходу на рынкавыя цэны на энэргарэсурсы. Назад шляху няма, і трэба прыстасоўвацца да гэтай новай сытуацыі ўсім суб’ектам беларуска-расейскіх дачыненьняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG